Серада, 08 Чэрвень 2022

Журналістку Ціну Палынскую аштрафавалі за жоўтыя і блакітныя стужкі, прычэпленыя да сумкі і фотаапарата

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Ціна Палынская Ціна Палынская

5 чэрвеня ў полацкай кватэры Палынскіх прайшоў ператрус. Непасрэднай прычынай інтарэсу сілавікоў да Ціны Палынскай сталі яе допісы ў Фэйсбуку напярэдадні візіту ў Полацк Патрыярха Кірыла. 6 чэрвеня, падчас сустрэчы палачанаў з  кіраўніком Рускай праваслаўнай царквы ў Беларусі, журналістку затрымалі міліцыянты, якія заўважылі ў яе на сумцы  і на фотаапараце жоўтыя і блакітныя стужкі.

7-га чэрвеня адбыўся суд, і Ціну Палынскую аштрафавалі за нібыта несанкцыянаванае пікетаванне на 100 базавых велічыняў (3 200 беларускіх рублёў).

Сума штрафу, прыблізна роўная 1000 еўра, стала шокам для ўсёй сям’і. Апрача гэтага, пасля ператрусу з кватэры Палынскіх былі канфіскаваны кампутар і мабільны тэлефон журналісткі, а падчас затрымання  на сустрэчы з Патрыярхам Кірылам у Ціны Палынскай забралі фотаапарат. Паводле яе словаў, міліцыянты забралі яго ў кошт пагашэння штрафу, не маючы нікіх сумнёваў адносна менавіта такога судовага рашэння.

Кампутар і тэлефон Ціны Палынскай застаюцца ў СК, змест яе допісаў у сацыяльных сетках  на працягу месяца будуць вывучаць эксперты-лінгвісты. Экспертыза павінна зрабіць высновы, ці ёсць у гэтых допісах абразы, паклёп або заклікі да супрацьзаконных дзеянняў.

Калі падазрэнні СК пацвердзяцца, супраць журналісткі распачнуць крымінальную справу.

Эмілія Протас