Аўторак, 03 Май 2022

У Віцебску пройдзе патаемны суд над палітвязнем Паўлам Сакаловым

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)

Разбор крымінальнай справы ў Віцебскім абласным судзе запланаваны на 4 траўня. Ужо абвешчана, што суд пройдзе ў закрытым рэжыме. Маладога чалавека затрымалі 7 месяцаў таму разам з групай хлапцоў і дзяўчат, якія правялі шэраг палітычных перформансаў, знялі гэта на відэа і выклалі відэаролікі ў шэраг Тэлеграм-каналаў. На момант затрымання было вядома, што Паўла Сакалова абвінавачваюць у стварэнні экстрэмісцкага фармавання паводле арт. 361-1 Крымінальнага кодэксу Беларусі.

Яшчэ раней, у 2020-м годзе, Сакалоў быў асуджаны за ўдзел у пратэстах супраць вынікаў прэзідэнцкіх выбараў: яго пакаралі арыштам на трое сутак і штрафам у 5 базавых велічынь. Ягоную віну суд убачыў у тым, што хлопец ехаў па горадзе на ровары і апынуўся побач з тым месцам на вул. Праўды ў Віцебску, дзе 6 верасня адбылася сутычка паміж пратэстоўцамі і міліцыянтамі. Ніякага ўдзелу ў ёй Павел Сакалоў не браў, аднак пасля адбыцця арышту яго некалькі разоў выклікалі ў Следчы камітэт на так званыя прафілактычныя гутаркі. Следчыя настойвалі, што ён нібыта каардынаваў калоны пратэстоўцаў, распавяла жонка зняволенага, Наталля Сакалова.

Размовамі ў СК не скончылася: дадому да Сакаловых прыйшлі з ператрусам, але нічога падазронага не знайшлі. Другі ператрус адбыўся ўжо ў дзень затрымання 20 верасня 2021 г. З дому забралі бел-чырвона-белы бранзалет і ўсю аргтэхніку, а таксама мабільны тэлефон. Як стала вядома «Вясне», падчас следчых дзеянняў у Паўлавым тэлефоне знайшлі закрыты чат, у якім знаходзіліся ўсяго тры чалавекі. У адным са сваіх паведамленняў мужчына зрабіў рэпост відэа, якое было прызнанае экстрэмісцкім, але ўжо пасля яго затрымання.

У адзін дзень з Паўлам Сакаловым у Віцебску затрымалі яшчэ некалькі чалавек. Міліцыянты адрапартавалі, што выкрылі экстрэмісцкую групоўку, удзельнікі якой нібыта закідалі яйкамі з фарбай білборд з выявай супрацоўнікаў ДАІ. Падчас следства некалькі чалавек адпусцілі, а супраць астатніх высунулі новыя абвінавачанні. Так, напрыканцы красавіка ў судзе Віцебскага раёну распачаўся працэс над Ірынай Пярцовай, Арцёмам Латышавым, Кацярынай Макарэвіч і Юліяй Лабуновай, якіх абвінавачваюць за інсцэніроўку пахавання Аляксандра Лукашэнкі, за спаленне дзяржаўных газет і іншыя перформансы, знятыя на відэа.

Што да Паўла Сакалова, то ніякіх падрабязнасцяў пра будучы суд над ім няма. З ягонай жонкі і з адваката ўзялі падпіску пра неразгалошванне таямніцы следства. Падобна, што і працэс зрабілі закрытым, каб грамадскасць не даведалася пра акалічнасці справы, як паездка па Віцебску на ровары абярнулася крымінальным абвінавачаннем.

Феліцыян Красоўскі