Субота, 07 Май 2022

Чыгуначніку прысудзілі паўтара года «хіміі» за каментар пра «вусатага пацука»

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

5 траўня ў судзе Полацку і Полацкага раёну вынесены прысуд мясцоваму жыхару Андрэю Бойку. Яго абвінавацілі ў абразе прэзідэнта (ч.1 арт 368 Крымінальнага кодэксу). Суддзя Андрэй Дзергачоў прызнаў Бойку вінаватым і прызначыў яму пакаранне: 1,5 года «хіміі» з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Андрэй Бойка – жыхар Полацку, працаваў у Баранавічах дзяжурным на чыгуначнай станцыі, мае на ўтрыманні двое дзяцей.

Згодна з абвінавачаннем, Бойка 19 жніўня 2020 года, «знаходзячыся па месцы жыхарства ў Полацку, выкарыстоўваючы ў якасці сродку здзяйснення злачынства мабільны тэлефон, наўмысна абраўшы спосаб распаўсюджвання звестак, разлічаных на азнаямленне шырокага нявызначанага кола асобаў, а менавіта глабальнай сеткі Інтэрнэт, у тэлеграм-канале «Супольнасць чыгуначнікаў Беларусі», разлічваючы на ўспрыманне іншымі асобамі абразлівай інфармацыі, усведамляючы публічны і зневажальных характар сваіх выказванняў, размясціў паведамленне, якое прыніжае гонар і годнасць прэзідэнта, якое супярэчыць агульначалавечай маралі, устаноўленым правілам зносін паміж людзьмі, якое змяшчае выказванне, выказанае ў ненарматыўнай форме маўленчага выказвання і змяшчае негатыўную ацэнку прэзідэнта».

Абвінавачаны сваю віну прызнаў. Ва ўчыненым раскайваецца, абавязуецца надалей падобнага не здзяйсняць.

Патлумачыў, што ў той дзень быў у эмацыйным стане, па дурасці сваёй абразіў прэзідэнта. Распавядае, што 16 чэрвеня 2020 году памерла мама, у такім стане быў таксама ў сувязі з падзеямі і негатыўнымі навінамі.

Па выніках лінгвістычнай экспертызы вывучаліся наступныя выказванні «Меў я цябе і твайго аднаго вусатага, які гатовы лізаць любому, хто яму грошы дае Расея ці Захад» маецца негатыўная ацэнка асобы, пазначанай у тэксце «твой вусаты сябар». Устанавіць, ці з'яўляецца гэта абазначэннем прэзідэнта Лукашэнкі, лінгвістычнымі метадамі не ўяўляецца магчымым. Сродкі выказвання маюць ненарматыўную форму.

«Проста не верце вусатаму пацуку, гэты пацук загнаны ў кут і кажа тое, што яму выгадна, а не праўду. Ён заяўляе, што сыдзе, калі народ не падтрымае, але так слова і не стрымаў, дык які ён мужык». Маецца негатыўная ацэнка асобы пазначанага «вусаты пацук», усталяваць ці зʼяўляецца дадзенай асобай прэзідэнт Лукашэнка лінгвістычнымі метадамі не ўяўляецца магчымым.

У тэксце: «Луку на муку» абразы Прэзідэнта РБ не маецца.

У тэксце: «Ліхі ідыёт не выйдзе сухім з вады» абразы Прэзідэнта РБ не маецца.

У тэксце: «Зрынуты сам вусаты вас кіне» негатыўнай ацэнкі прэзідэнта РБ не маецца.

Дзяржабвінаваўца Вольга Колас прыйшла да высновы, што эксперты не змаглі вызначыць дакладна, ці гэтая негатыўная ацэнка была зробленая ў адрас асобы, «якая з’яўляецца прэзідэнтам РБ». Але, відавочна, вынікае з кантэксту і не аспрэчваецца самім Бойкам тое, што ў гэтых выразах мелася на ўвазе менавіта негатыўная ацэнка дзеючага прэзідэнта. Яна запрасіла прызначыць Андрэю Бойку пакаранне ў выглядзе 1 года 6 месяцаў абмежавання волі з накіраваннем у ПУАТ. Меру стрымання пакінуць да ўступлення ў законную сілу ў выглядзе падпіскі аб нявыездзе і належных паводзінах.

Суд пастанавіў прызнаць Бойку вінаватым і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі ва ўстанове адкрытага тыпу з накіраваннем тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў.

Іван Чайка