Разгляд крымінальнай справы прайшоў у хуткасным рэжыме. На апытанне абвінавачанага, разгляд пісьмовых матэрыялаў справы і спрэчкі бакоў спатрэбілася крыху больш за 30 хвілін. Сведкаў не апытвалі.
Паводле пракурора, Юры Серабро, «маючы намер публічна абразіць прэзідэнта рэспублікі Беларусь Лукашэнку Аляксандра Рыгоравіча і выкарыстоўваючы мабільны тэлефон» на старонцы «Публічны Віцебск» у «Інстаграме» размясціў каментар, у якім, згодна з заключэннем экспертаў ад 12 траўня 2021 году, утрымліваюцца публічна выказаныя ў «пагардлівай і лаянкавай форме абразы на адрас Лукашэнкі Аляксандра Рыгоравіча, якія негатыўна ацэньваюць апошняга».
«Разумееце, што сваімі дзеяннямі вы зняважылі прэзідэнта?» – спытала суддзя Сняжана Кіндзеева.
Юры патлумачыў, што «быў на эмоцыях» і «захапіўся тэлеграм-каналамі, захапіўся Інстаграмам».
«Што ў вас такія эмоцыі? Чым вы незадаволеныя?» – удакладніла суддзя.
Абвінавачаны заявіў, што не задаволены беспрацоўем у краіне і што ён вымушаны пастаянна ездзіць на заробкі ў Расею. Сказаў, што на дадзены момант межы зачыненыя, і таму ў яго праблемы з працаўладкаваннем, пры гэтым ён мае на ўтрыманні малалетняе дзіцяці, а жонка зарабляе ўсяго 500 рублёў.
Падчас судовых спрэчак пракурор заявіў, што, «улічваючы характар і небяспеку ўчыненага злачынства, мэты і матывы», а таксама прымаючы пад увагу тое, што «дзеянні Юрыя Серабро прынеслі істотную шкоду дзяржаўным інтарэсам у выглядзе падрыву аўтарытэту, гонару і годнасці прэзідэнта Рэспублікі Беларусь», папрасіў «прызначыць яму пакаранне ў выглядзе двух гадоў пазбаўлення волі з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму».
«Два гады пазбаўлення волі – гэта вельмі жорстка. Жонка не вытрымае з дзіцём на 500 рублёў. Я не пра сябе думаю, а пра сямʼю», – адказаў Юры.
У апошнім слове ён папрасіў не адпраўляць яго ў турму.
Уладзімір Бяляўскі