Чацвер, 12 Жнівень 2021

Мужчыну асудзілі на 1,5 года калоніі за гвалт над міліцыянтамі: ніякай палітыкі – алкаголь

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

12 жніўня суд Першамайскага раёну Віцебску вынес судовае рашэнне ў справе беспрацоўнага віцябляніна Аляксандра Ш., абвінавачанага паводле арт. 364 КК («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў альбо з помсты за выкананне службовай дзейнасці»). Суддзя Міхаіл Юрчанка задаволіў просьбу пракуратуры і асудзіў абвінавачанага на паўтара года пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму.

Спачатку адміністратыўка, потым – крымінальны артыкул

Першае паседжанне ў справе адбылося 11 жніўня. Паводле пракуратуры, увечары 13 траўня Аляксандр Ш. знаходзіўся ў грамадскім месцы ў стане алкагольнага ап’янення. Меў неахайны знешні выгляд, ледзьве трымаўся на нагах. Учыніў правапарушэнне, прадугледжанае ч. 2 арт. 19. 3 КаАП («Распіванне алкагольных напояў у грамадскім месцы»). 14 траўня суд Першамайскага раёну Віцебску аштрафаваў яго на 5 базавых велічынь.

Пры затрыманні мужчына абражаў міліцыянтаў ППС Васількова і Клінцова такімі словамі, якія нібыта «прыніжалі гонар і годнасць супрацоўнікаў унутраных спраў пры выкананні імі службовых абавязкаў». Тым самым учыніў правапарушэнне, прадугледжанае ч. 1 арт. 24.4 КаАП («Абраза службовай асобы пры выкананні службовых паўнамоцтваў»). 14 траўня суд Першамайскага раёну аштрафаваў яго на 20 базавых велічыняў.

Апроч таго, Аляксандр Ш. адмовіўся выконваць «законныя патрабаванні міліцыянтаў і выказаў пагрозу ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў Васількова і Клінцова». Пагражаў забойствам і прычыненнем пашкоджанняў цела. Нанёс удар галавой у вобласць галавы сяржанта Клінцова.

Паводле дасудовага следства, дзеянні Ш. былі кваліфікаваныя паводле арт. 364 («Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні да супрацоўнікаў органаў унутраных спраў альбо з помсты за выкананне службовай дзейнасці»).

Пагражаў забойствам, нанёс удар галавой…

У судовым працэсе былі апытаныя пацярпелыя Клінцоў і Васількоў. Яны засведчылі, што 13 траўня ў адказ на скаргі наведнікаў кавярні ў краме «Веста» міліцыянты ППС змусілі Аляксандра Ш. пакінуць памяшканне. Пасля выхаду на вуліцу Аляксандр Ш. рушыў у бок більярднай. Гэтае дзеянне міліцыянты палічылі адмовай спыніць супрацьпраўныя паводзіны. Сяржанты Васількоў і Клінцоў падышлі да Аляксандр Ш. і паведамілі, што ён затрыманы ў сувязі з учыненнем адміністрацыйнага правапарушэння. У адказ Ш. праявіў агрэсію, аказаў супраціў, абразіў міліцыянтаў, ужыўшы нецэнзурную лексіку. Пагражаў забойствам і нанёс удар галавой у вобласць галавы Клінцова.

Пагрозы міліцыянты ўспрымалі як цалкам верагодныя. Ад медычнай экспертызы затрыманы адмовіўся.

Не памятае падзей, якія адбыліся 13 траўня

У судзе Аляксандар Ш. віну прызнаў у поўным аб’ёме, хаця каментаваць свае дзеянні, запісаныя пры затрыманні на міліцэйскі відэафіксатар «Дазор», адмовіўся. Заявіў, што ў той дзень шмат выпіў і не памятае падзей, якія адбыліся ўвечары 13 траўня. Аляксандр Ш. знаходзіцца на ўліку ў нарколага і пакутуе на хранічны алкагалізм. Пераконваў, што па натуры спакойны і праяўляе агрэсію толькі тады, калі да яго чапляюцца.

Пракуратура прасіла паўтара года калоніі

У ходзе судовых спрэчак пракурорка заявіла, што віна абвінавачанага даказаная ў поўным аб’ёме, а яго дзеянні кваліфікаваныя па арт. 364. Разам з тым, пракурорка папрасіла суд выключыць адзін з пунктаў абвінавачання, датычны здзяйснення злачынства з помсты за выкананне службовай дзейнасці.

На момант учыненага Аляксандрам Ш. злачынства, яно адносілася да катэгорыі «менш цяжкіх», але пасля зменаў у заканадаўстве было аднесенае да катэгорыі цяжкіх. Пракурорка прасіла суд улічыць гэты момант і прызначыць Аляксандру Ш. пакаранне ў выглядзе аднаго году і шасці месяцаў пазбаўлення волі з адбыццём пакарання ў папраўчай калоніі агульнага рэжыму.

Абарона прасіла мінімальна магчымае пакаранне

Адвакатка Аляксандра Ш. у сваім выступе заявіла, што яе падабаронны віну сваю прызнаў у поўным аб’ёме. Прасіла суд улічыць чыстасардэчнае раскаянне і шкадаванне падабароннага, і тое, што той прынёс прабачэнне пацярпелым міліцыянтам. Звярнула ўвагу суду, што ніводзін з пацярпелых не заявіў патрабаванняў ані матэрыяльнага, ані маральнага характару. Прасіла суд прызначыць мінімальна магчымае пакаранне.

12 жніўня суддзя Міхаіл Юрчанка агучыў прысуд. Паводле артыкулу 364 КК суд прыгаварыў Аляксандра Ш. да аднаго году і шасці месяцаў калоніі агульнага рэжыму. У тэрмін адбывання пакарання суд залічыў час знаходжання пад вартай ад 5 чэрвеня з улікам адпаведнасці аднаго дня ўтрымання пад вартай паўтара дням пазбаўлення волі.

Праваабаронца: Сілавікі сталі «недатыкальнай кастай»

«У сённяшняй сітуацыі нават пры самым нязначным гвалце ў дачыненні да супрацоўнікаў МУС у звычайных крымінальных справах суды пачалі выносіць гэткія ж жорсткія прысуды, як і ў справах палітычна матываваных. Сілавікі штучна ўзведзеныя ў нейкую недатыкальную касту. Не зважаючы на тое, ці то абраза, ці то пагроза гвалтам, ці то гвалт – пакаранне цяпер жорсткае. Пракуратура патрабуе значныя тэрміны пакарання і суды зазвычай іх задавальняюць. Гэты артыкул правакуе ў далейшым пастаноўку на ўлік у месцах адбыцця пакарання. Умовы ўтрымання робяцца больш жорсткімі», – пракаментавала сённяшні прысуд паводле арт. 364 віцебская праваабаронца Ірына Траццякова.

Ян Сведка