Рашэнне аб пакаранні палітвязня прыняла суддзя Сняжана Кіндзеева.
«Суд пастанавіў Новікава Андрэя Анатольевіча прызнаць вінаватым у прыездзе ў РБ замежнага грамадзяніна, высланага з РБ да заканчэння тэрміну забароны ўезду ў РБ і на падставе артыкула 371-2 прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі тэрмінам на 1 год», – агучыла суддзя частку выраку.
Таксама – «прызнаць вінаватым у арганізацыі групавых дзеянняў, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з відавочным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія прывялі да парушэння працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый, і на падставе часткі 1 артыкулу 342 КК РБ прызначыць пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады».
Па сукупнасці злачынстваў суддзя пастанавіла «шляхам частковага складання прызначаных пакаранняў канчаткова вызначыць Новікаву пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 2 гады 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму».
Андрэй Новікаў у якасці валанцёру руху «Краіна для Жыцця» прымаў актыўны ўдзел у выбарчай кампаніі 2020 года. Супраць яго была распачатая крымінальная справа па арт. 342. Сем месяцаў ён правёў у следчым ізалятары і быў дэпартаваны. Але вымушаны быў вярнуцца ў Беларусь, каб адвезці дзіця на лячэнне. Па вяртанні быў затрыманы. Праведзены тэрмін у СІЗА яму будзе залічаны: адзін дзень у ізалятары роўны паўтара дня калоніі. Арышт, накладзены на маёмасць (тэлевізар, лядоўня, сістэмны блок і іншыя рэчы), мусіць быць зняты.
Разгляд крымінальнай справы супраць Андрэя Новікава пачаўся ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску 19 ліпеня. Дзяржаўным абвінаваўцам выступала Вольга Вяржбовіч – старшы пракурор аддзелу пракуратуры Віцебскай вобласці. Прысуд не набыў законнай моцы і можа быць абскарджаны і апратэставаны.
Уладзімір Бяляўскі