Панядзелак, 19 Ліпень 2021

У Віцебску пачалі судзіць палітвязня Андрэя Новікава

Ацаніць гэты матэрыял
(7 галасоў)
Андрэй Новікаў. Фота 2020 году. Андрэй Новікаў. Фота 2020 году.

Суд Кастрычніцкага раёну Віцебску 19 ліпеня пачаў разглядаць крымінальную справу ў дачыненні грамадзяніна РФ і актывіста «Краіны для жыцця» Андрэя Новікава. Падпалкоўніка расейскай паліцыі ў адстаўцы абвінавачваюць у злачынствах, прадугледжаных ч.1 арт. 342 і заўв.2 арт. 371 КК РБ.

Справу палітвязня разбірае суддзя Сняжана Кіндзеева. У якасці дзяржабвінаваўцы выступае пракурор Віжбовіч. 51-гадовы нараджэнец Варапаева Віцебскай вобласці Андрэй Новікаў знаходзіцца пад вартай.

Андрэя Новікава абвінавачваюць у «арганізацыі групавых дзеяннях, якія груба парушаюць грамадскі парадак, спалучаных з яўным непадпарадкаваннем законным патрабаванням прадстаўнікоў улады, якія выклікалі парушэнне працы транспарту, прадпрыемстваў і арганізацый» (ч.1. арт. 342 КК). А таксама – у наўмысным незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы РБ замежным грамадзянінам да завяршэння тэрміну забароны ўезду ў Рэспубліку Беларусь (арт. 371 заўвага 2 КК РБ).

Палітвязень цалкам прызнаў віну ў незаконным перасячэнні мяжы (арт. 371) і часткова – паводле арт. 342.

Андрэй Новікаў прызнаў, што ўдзельнічаў у масавых мерапрыемствах, стварыў тэлеграм-канал, у якім размяшчаў відэаролікі. Але адмовіўся прызнаваць факт змовы з Сяргеем Ціханоўскім і Мікалаем Статкевічам ды іншымі людзьмі і арганізацыі масавых мерапрыемстваў у Менску, Гомлі і Гародні.

«Ва ўсіх гэтых дзеяннях я выказваў выключна ўласную пазіцыю», – заявіў ён.

Падчас судовага паседжання Новікаў згадзіўся даваць паказанні. Пытанні суддзі і пракурора тычыліся стаўлення падсуднага да беларускай дзяржавы («Што вас наагул тут не задавальняла?» – «Я сутыкнуўся з неразуменнем і машынай бюракратыі»), стасунках і сустрэчах з Ціханоўскім, арганізацыі пікетаў для збору подпісаў за Святлану Ціханоўскую.

Суд працягнецца 20 ліпеня. На паседжанні будзе апытаны сведка з боку абвінавачання Віталь Бугаёў.

Андрэй Новікаў, падпалкоўнік расейскай паліцыі ў адстаўцы, быў затрыманы 14 красавіка 2021 года ў вёскі Прусы, што на Пастаўшчыне, куды таемна прыехаў да сваёй сям'і, каб адвезці хворага дзіця на лячэнне. Яго абвінавацілі ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы (арт. 371 КК), у доме прайшоў ператрус, была канфіскаваная тэхніка і дакументы.

Раней, падчас прэзідэнцкай кампаніі 2020 году, ён браў актыўны ўдзел у якасці валанцёра «Краіны для жыцця». Супраць яго была распачатая крымінальная справа па ч.1 арт. 342. Сем месяцаў Новікаў правёў у следчым ізалятары, пасля ўлады дэпартавалі яго ў Расею, забараніўшы цягам 10 гадоў уязджаць на тэрыторыю Беларусі.

Андрэй Новікаў быў прызнаны палітвязнем.

Зміцер Міраш