«Вадзіма Ермаловіча прызнаць вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім службовых абавязкаў і на падставе артыкулу 369 КК РБ прызначыць пакаранне ў выглядзе абмежавання волі тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу», – пастанавіла суддзя Наталля Карабліна.
Акурат такога пакарання прасіў напярэдадні і пракурор Аляксандр Філімонаў. Суддзя таксама пастанавіла змяніць меру стрымання з утрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе ды канфіскаваць мабільны тэлефон як прыладу злачынства.
Прысуд не набыў законнай моцы.
Пад арыштам у следчым ізалятары Вадзім прабыў больш за два месяцы – ад 14 красавіка, з моманту ягонага затрымання ў Шчучынскім раёне недалёка ад мяжы з Літвой.
«На словах гэта не патлумачыш...»
«Калі ты там знаходзішся або сустракаеш людзей, якія там знаходзіліся, пачынаеш разумець, што гэта такое. Чалавеку, які там ніколі не быў, немагчыма патлумачыць, што гэта такое. Таму што на словах гэта не патлумачыш...» – сказаў аб знаходжанні ў віцебскім следчым ізалятары Вадзім Ермаловіч па вызваленні.
У СІЗА-2 яго паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да экстрэмізму». Але ў дадзены спіс, паводле слоў асуджанага, пападаюць там усе, хто знаходзіцца пад следствам па «палітычных артыкулах».
Крымінальная справа паводле арт. 369 была распачатая супраць Вадзіма Ермаловіча за некалькі каментароў «Тэлеграме», якія ён размясціў 18 і 24 снежня 2020 году ў чатах «Vitebsk_Юг» і «Невероятный Витебск». На судзе ён прызнаў сваю віну ў поўным аб'ёме і заплаціў 1000 рублёў пацярпеламу за «маральныя пакуты», якія нібыта спазнаў палкоўнік Балаба.
Вадзім Ермаловіч збіраецца абскардзіць пастанову суддзі Карабліной у Віцебскім абласным судзе.
Уладзімір Бяляўскі