Працэс вядзе суддзя Наталля Карабліна. На пачатку судовага пасяджэння 21 чэрвеня стала вядома, што бацькі Вадзіма Ермаловіча аплацілі пазоўныя патрабаванні (1000 рублёў), якія выставіў пацярпелы кіраўнік менскага АМАПу Дзмітрый Балаба ў якасці кампенсацыі маральных пакутаў. Дакумент аб аплаце далучылі да матэрыялаў крымінальнай справы.
Пракурор: Падае прэстыж дзяржаўнай улады ўвогуле
Падчас судовых спрэчак дзяржаўны абвінаваўца Філімонаў папрасіў суд «Ермаловіча Вадзіма прызнаць вінаватым у публічнай абразе прадстаўніка ўлады і прызначыць яму пакаранне ў выглядзе абмежавання волі з накіраваннем у папраўчую ўстанову адкрытага тыпу тэрмінам на 1 год і 6 месяцаў». Меру стрымання да набыцця прысудам законнай моцы пракурор папрасіў замяніць з заключэння пад варту на падпіску аб ня выездзе.
«Грамадская небяспека публічнай абразы прадстаўніка ўлады ў сувязі з выкананнем ім сваіх службовых абавязкаў уяўляе павышаную небяспеку, паколькі такія дзеянні здольныя парушыць нармальнае функцыянаванне апарату ўлады. У выніку падобных дзеянняў падрываецца аўтарытэт таго органа ўлады, які прадстаўляе пацярпелы. Таксама падае прэстыж дзяржаўнай улады ўвогуле. Зніжэння аўтарытэту ўлады ў свядомасці грамадзян негатыўна адбіваецца на функцыянаванні дзяржаўнага апарату», – патлумачыў пракурор.
Адвакатка: Ён не хаваўся ад следства
Адвакатка Вадзіма Ермаловіча звярнула ўвагу суддзі на змякчальныя акалічнасці: кампенсаванне маральнай шкоды, поўнае прызнанне віны яе падабаронным, а таксама на тое, што той атрымаў станоўчую характарыстыку з працы. Заўважыла, што Ермаловіч быў затрыманы каля літоўскай мяжы неўзабаве пасля завядзення крымінальнай справы, але пры гэтым ён не ведаў, што ў дачыненні да яго была вынесеная пастанова. Акурат таму ягоную паездку нельга трактаваць як спробу схавацца ад следства.
Адвакатка прасіла суд абмежавацца пакараннем у выглядзе арышту на тэрмін, які яе падабаронны ўжо адбыў. Вадзім Ермаловіч знаходзіцца ў СІЗА ад 14 красавіка 2021 году.
Падсудны: Я і так законапаслухмяны
Ад апошняга слова Вадзім Ермаловіч адмовіўся. Сказаў, што яму няма чаго дадаць. «Жыццё як свае будаваць збіраецеся?» – спытала суддзя Наталля Карабліна. «Працаваць буду», – адказаў падсудны. «Да жніўня 2020 году яно ў мяне даволі стабільнае было. Так і буду працягваць», – дадаў. На пытанне суддзі, ці збіраецца быць законапаслухмяным грамадзянінам, Вадзім Ермаловіч адказаў: «Я і да гэтага сябе законапаслухмяна паводзіў».
Прысуд Вадзіму Ермаловічу абвесцяць 22 чэрвеня ў 10.00.
Уладзімір Бяляўскі