Пазоў Дзмітрыя Балабы ў межах грамадзянскага працэсу быў агучаны 18 чэрвеня пасля перапынку ў судовым паседжанні ў справе 36-гадовага віцябляніна Вадзіма Ермаловіча, якога абвінавачваюць у публічнай абразе прадстаўніка ўлады (арт. 369 КК). У пазоўнай заяве Дзмітрый Балаба сцвярджае, што «зазнаў маральныя пакуты», прачытаўшы каментар віцябляніна. 1000 рублёў кампенсацыі ў выпадку задавальнення іску просіць пералічыць на адрас адной з устаноў аховы здароўя.
Сам пацярпелы камандзір менскага АМАПу на працэс не з'явіўся. У матэрыялах справы маецца заява аб «немагчымасці яго прысутнасці» на працэсе праз выкананне службовых абавязкаў. Справу разбіраюць без яго.
«Мае багаты практычны вопыт»
На судзе таксама агучылі характарыстыку, дадзеную Балабе з месца працы. У ёй гаворыцца, што 49-гадовы Дзмітрый Балаба, які ад 2015 году займае пасаду начальніка АМАПу Менгарвыканкаму, «зарэкамендаваў сябе як прафесійна падрыхтаваны афіцэр і патрабавальны кіраўнік, які мае добрую тэарэтычную падрыхтоўку і багаты практычны вопыт». Быў узнагароджаны ордэнам «За асабістую мужнасць». Спагнанняў за час службы не меў.
Паводле пратаколу допыту Балабы, агучанага на паседжанні, ён у перыяд электаральнай кампаніі 2020 году забяспечваў кіраўніцтва даручанага яму падраздзялення «па спыненні масавых беспарадкаў і падтрымання парадку на тэрыторыі РБ». Сцвярджае, што яго дзеянні цалкам адпавядалі патрабаванням заканадаўства.
Каментары, з нагоды якіх была заведзеная крымінальная справа, тычыліся паведамлення пра тое, што Дзмітрый Балаба заразіўся каронавірусам і знаходзіцца ў лякарні. Аўтар каментароў ужывае слова «мусар». Вадзім Ермаловіч прызнаў, што быў аўтарам допісаў і што зняважыў супрацоўніка АМАП. Але просіць суд зменшыць іскавыя патрабаванні Балабы напалову.
Завялі крыміналку на дзень народзінаў. Што яшчэ вядома ў справе Ермаловіча
- Крымінальную справу паводле арт. 369 на Вадзіма Ермаловіча завялі роўна ў ягоны дзень нараджэння – 13 красавіка.
- Затрымалі за 7 км да мяжы. Вадзім Ермаловіч да 14 красавіка знаходзіўся пад падпіскай аб нявыездзе. 14 красавіка яго затрымалі на адлегласці 7 км ад дзяржаўнай мяжы РБ каля вёскі Матылі Шчучынскага раёну. На судзе сцвярджае: пра тое, што на яго днём раней завялі крымінальную справу, ён не ведаў.
- «Схільны да экстрэмізму». Пасля затрымання ў памежнай зоне Вадзіму Ермаловічу змянілі меру стрымання і ўзялі пад варту. Ён утрымліваецца ў СІЗА-2 Віцебску. З характарыстыкі, пададзенай у суд начальнікам СІЗА, стала вядома, што Ермаловіча паставілі на прафілактычны ўлік як «схільнага да экстрэмісцкай дзейнасці».
- Камеру слухалі. Матэрыялы справы Ермаловіча ўтрымліваюць аўдыёзапіс яго размовы з сукамернікамі ў следчым ізалятары.
- Яго чакалі ў Варшаве на працы. Яшчэ да таго, як на яго завялі «крыміналку», Ермаловіч быў гатовы выехаць працаваць у Польшчу: меў візу і запрашэнне на працу, набыў нават білет у Варшаву.
Чакаецца, што 21 чэрвеня ў працэсе адбудуцца судовыя спрэчкі. З боку абвінавачання выступае пракурор Аляксандр Філімонаў, інтарэсы падсуднага бароніць адвакатка.
Янка Прас