Нядзеля, 17 Студзень 2021

У Віцебску на 7 сутак арышту асудзілі студэнтку ВДМУ Паліну Нітчанка

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Паліна Нітчанка падчас шэсця 20 верасня Паліна Нітчанка падчас шэсця 20 верасня

У Віцебску 15 студзеня затрымалі студэнтку медычнага ўніверсітэту Паліну Нітчанка, паведамляе телеграм-канал «ВДМУ – разам». У суботу суд Чыгуначнага раёну Віцебску прысудзіў ёй 7 сутак адміністрацыйнага арышту за ўдзел у відэазвароце да ўладаў, запісаным яшчэ ў кастрычніку 2020 году, піша TUT.BY.

15 студзеня Паліна Нітчанка патэлефанавала маці і паспела паведаміць, што «за ёй прыйшлі». Суд адбыўся на наступны дзень. Паліну прызналі вінаватай у парушэнні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.3 арт. 23.34 КаАП) і прысудзілі 7 сутак за ўдзел у відэазвароце студэнтаў Віцебску, запісаным у канцы кастрычніка, – яго палічылі несанкцыянаванай акцыяй.

Гэта быў ужо трэці яе адміністрацыйны працэс. Першы раз Паліну судзілі за ўдзел у вулічным шэсці 20 верасня. Другі – за студэнцкую акцыю салідарнасці 26 кастрычніка, у якой хлопцы праспявалі на вуліцы ля ўніверсітэту цоеўскую «Перамен!». Агулам студэнтку аштрафавалі раней на 44 базавыя велічыні (у 2020 годзе гэта было 1188 рублёў), трое сутак да судоў яна адбывала ў ІЧУ.

Нагадаем, 29 снежня за ўдзел у тым жа відэазвароце на 5 сутак арышту быў асуджаны студэнт тэхналагічнага ўніверсітэту Аляксандр Ткачоў. Студэнткі ВДТУ Яніна Вакар і Юлія Хомчанка былі пакараныя штрафамі адпаведна на 4 і 5 базавых велічынь.