Аўторак, 29 Верасень 2020

Віцебскага праграміста Сяргея Пятрова аштрафавалі на 945 рублёў паводле арт. 23.34 КаАП

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)
Сяргей Пятроў у судзе Першамайскага раёну Сяргей Пятроў у судзе Першамайскага раёну

Суд Першамайскага раёну Віцебску пакараў 29 верасня прагарміста-фрылансера Сяргея Пятрова штрафам у памеры 35 базавых велічынь за «актыўны ўдзел у несанкцыянаваным шэсці» 13 верасня (ч.3 арт. 23.34 КаАП). 28-гадовы віцяблянін сваёй віны не прызнаў і будзе абскарджваць пастанову.

Справу Сяргея Пятрова разглядала суддзя Наталля Карабліна.

Суддзя адмовіла абвінавачанаму ў хадайніцтве запрасіць на працэс у якасці сведкі намесніка начальніка УУС Віцебскага аблвыканкаму Сяргея Завадскага, з якім, як сцвярджаў Пятроў, ён размаўляў падчас акцыі.

Сведкам ад органа, які вядзе адміністрацыйны працэс, выступіў намеснік начальніка аддзелу аховы правапарадку АУС Першамайскага раёну Вадзім Склімянок. Маёр міліцыі блытаўся ў паказаннях, але запэўніваў, што лёгка апазнаў Пятрова ў чалавеку, які рухаўся ў складзе калоны і быў у чорнай масцы і сонцаахоўных акулярах.

«Я ўсіх бачу і ўсіх пазнаю», – заявіў Склімянок, на што адзін з прысутных назваў яго «богам» і быў выдалены за гэта з судовай залы.

Сяргей Пятроў віны не прызнаў. Заявіў, што 13 верасня не рухаўся ў складзе калоны, а здымаў яе на відэакамеру з іншага боку праспекту Будаўнікоў. Паводле ацэнкі слухачоў на працэсе, міліцэйскае відэа, якое дэманстравалася на судзе, ніяк не даказвала вінаватасць Сяргей Пятрова. Але суддзя мела іншае меркаванне.

Суддзя Наталля Карабліна прызнала Сяргея Пятрова вінаватым і пастанавіла пакараць яго штрафам у памеры 35 базавых велічынь (945 рублёў).

Раней Сяргея Пятрова затрымлівалі ў дзень выбараў 9 жніўня каля СШ №45 у Віцебску, дзе ён чакаў вынікі галасавання. Пятрова змясцілі ў ІЧУ і 12 жніўня прысудзілі да 10 сутак адміністрацыйнага арышту, але 14 жніўня віцяблянін выйшаў на волю. Пастанова ад 12 жніўня была абскарджаная ў Віцебскім абласным судзе, які змяніў яе: знізіў тэрмін пакарання да 4 сутак, якія Сяргей Пятроў на той момант ужо адбыў.

Зміцер Міраш