Згодна з пратаколам, 9 жніўня Зьміцер Казакевіч парушыў парадак арганізацыі і правядзеньня масавага мерапрыемства. Знаходзіўся ў групе грамадзянаў, якія скандавалі лёзунгі грамадзка-палітычнага характару, і быў затрыманы на Маскоўскім праспэкце, 7А.
З пратаколам Зьміцер не пагадзіўся. Запэўніў, што выконваў свае прафэсійныя абавязкі журналіста, людзкога натоўпу ў той час на плошчы не было, адзінкавыя мінакі лёзунгаў не выгуквалі, ніякіх сьцягоў ці плякатаў пры сабе ніхто ня меў.
Судзьдзя Вераніка Барысава задаволіла хадайніцтва Казакевіча, які ў якасьці сьведкаў заявіў журналістаў Вячаслава Лазараў, Тацяну Мацьвееву і Андрэя Шчарбіцкага. А вось рашэньне пра выклік у суд начальніка ўпраўленьня аховы правапарадку і прафіляктыкі УУС Віцебскага аблвыканкаму Вячаслава Петкуна, які даваў непасрэдны загад на затрыманьне, адклала на потым (перад вынясеньнем пастановы Зьміцер ад хадайніцтва выклікаць Петкуна адмовіўся). Таксама судзьдзя Барысава паведаміла, што вайсковец в/ч 5524 Віталь Грудзінскі будзе апытаны ў якасьці сьведкі пры дапамозе відэасувязі праз Viber.
Зьміцер Казакевіч патлумачыў, што 9 жніўня а 21 гадзіне знаходзіўся ў групе журналістаў на плошчы Перамогі з боку «трох штыкоў». Ён і апэратар Вячаслаў Лазараў фіксавалі падзеі, якія адбываліся ў той час на плошчы: міліцыянты затрымлівалі нешматлікіх мінакоў і зьмяшчалі іх у аўтазакі. Першым у поле зроку праваахоўнікаў трапіў Лазараў. Супрацоўнікі запатрабавалі ад апэратара выдаліць адзьняты кантэнт. Казакевіч падышоў, каб высьветліць, у чым справа, і таксама быў затрыманы. Пры сабе абодва мелі журналісцкія пасьведчаньні, фотаапаратуру і дыктафоны, але ня мелі камізэлек з надпісам «Прэса».
Усе апытаныя журналісты пацьвердзілі: Зьміцер Казакевіч быў затрыманы на плошчы Перамогі, а не на Маскоўскім праспэкце. Пры гэтым аніякага масавага мерапрыемства ў той час ля «трох штыкоў» не было. Сьцьвердзілі, што ані Зьміцер, ані іншыя ніякіх лёзунгаў не скандавалі.
"Красамоўным" сталася апытаньне ў якасьці сьведкі вайскоўца Грудзінскага. Высьветлілася, што Віталь Грудзінскі Зьмітра Казакевіча не затрымліваў і ў твар не памятае. Вайсковец у той дзень транспартаваў затрыманых у раёне Маскоўскага праспэкту ў РАУС і ІЧУ. Ніякага пратаколу затрыманьня ці іншых дакумэнтаў ён не складаў. Адмовіўся Грудзінскі і ад аўтарства рапарта, які знаходзіцца ў матэрыялах справы: рапарт не складаў і не падпісваў. Запэўніў, што дакумэнты напісаныя не ягоным почыркам, а пад імі – не ягоны подпіс.
Пасьля апытаньня Грудзінскага судзьдзя Барысава абвясьціла перапынак.
Пасьля перапынку да матэрыялаў справы было далучанае пісьмовае тлумачэньне Грудзінскага. Вайсковец пацьвердзіў, што прад’яўленыя яму пратакол затрыманьня і рапарт складаліся і падпісваліся ня ім.
У выніку судзьдзя Вераніка Барысава справу ў адносінах да Казакевіча пастанавіла спыніць у сувязі з недаказанасьцю ягонай вінаватасьці і прынесла журналісту афіцыйнае прабачэньне.
С. Горкі