Увечары 9-га жніўня пры выкананьні сваіх прафэсійных абавязкаў Зьміцер Казакевіч быў затрыманы і абвінавачаны ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мерапрыемстве паводле сумнавядомага артыкулу 23.34. Журналіст нібыта публічна выказваў свае грамадзка-палітычныя інтарэсы, за што, згодна пратаколу, і быў затрыманы на Маскоўскім праспэкце.
Зьміцер Казакевіч з пастановай не пагадзіўся. У скарзе адзначыў, што справа была разгледжаная з парушэньнем працэсуальнага заканадаўства і ягоных канстытуцыйных правоў. Прасіў адмяніць судовае рашэньне і спыніць справу. Судзьдзя Сьвятлана Іванова задаволіла хадайніцтва Казакевіча аб вядзеньні відэаздымку судовага працэсу.
У падтрымку сваёй скаргі Зьміцер прывёў некалькі фактаў ілжы і алягічных доказаў ягонай вінаватасьці, зафіксаваных у пратаколе і пастанове.
“Як адсутнасьць дазволу на правядзеньне масавага мерапрыемства можа даказваць тое, што я ў ім удзельнічаў? Я тут ня бачу ніякай лёгікі”, – абураўся журналіст.
Паводле пастановы, Казакевіч ня меў пры сабе аніякіх прафэсійных знакаў адрозьненьня прадстаўніка СМІ. І гэта пры тым, што ў сьпісе рэчаў затрыманага былі зафіксаваныя журналісцкае пасьведчаньне і два прафэсійныя дыктафоны.
У пастанове таксама сьцьвярджалася, што яго затрымалі каля дома №7а па Маскоўскім праспэкце, а насамрэч – затрыманьне адбылося на плошчы Перамогі з боку “трох штыкоў” – то бок у іншым адміністрацыйным раёне гораду (Чыгуначным).
Што тычыцца прафэсійных нюансаў, зафіксаваных у пастанове, то Зьміцер Казакевіч заявіў наступнае:
“Я маю гонар супрацоўнічаць з тэлеканалам “Белсат”, які асьвятляе падзеі па-беларуску і з нацыянальнага пункту гледжаньня. І калі я нешта і парушаў, то разглядайце мае парушэньні тады ўжо паводле артыкулу 22.9 КаАП. Запэўніваю, што я працаваў, а ня ўдзельнічаў у масавым мерапрыемстве”, – сказаў у судзе журналіст.
Суд, які адбыўся ў ІЧУ, Зьміцер Казакевіч назваў “закрытым, несвабодным і “невысокім судом”.
Судзьдзя Іванова, выслухаўшы аргумэнты Казакевіча, адмяніла пастанову суду Першамайскага раёну (судзьдзя Міхаіл Юрчанка) і адправіла справу на новы разгляд.
С. Горкі
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!