Аўторак, 14 Ліпень 2020

Дырэктара ліцэю судзяць у Віцебску за прычыненьне пашкоджаньняў вучню

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Пацярпелы Я. на судзе Пацярпелы Я. на судзе

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску пачаў разгляд адміністрацыйнай справы ў дачыненьні дырэктара Віцебскага палітэхнічнага ліцэю Руслана Вінакурава, які абвінавачваецца ў правапарушэньні, прадугледжаным ч.1 арт. 9.1 КаАП РБ (Наўмыснае прычыненьне цялесных пашкоджаньняў). Заяву на дырэктара напісаў у траўні 2020 году 17-гадовы вучань ліцэю, які мае статус сіраты і знаходзіцца пад апекай дзяржавы.

Адміністрацыйную справу разьбірае судзьдзя Алена Грабянчук. Судовае паседжаньне 13 ліпеня прайшло ў закрытым рэжыме. Судзьдзя патлумачыла, што робіцца гэта «ў інтарэсах непаўнагадовага пацярпелага».

Вядома, што, паводле пратаколу, 13 траўня дырэктар ліцэю, знаходзячыся ў сваім кабінэце, наўмысна прычыніў пашкоджаньні на целе непаўнагадовага навучэнца Я. У заключэньні экспэрту гаворыцца, што пашкоджаньні зрабіў «шляхам сьцісканьня рук, а таксама прыцісканьнем да сьцяны». Зафіксаваныя сінякі ў вобласьці запясьцяў, грудной клеткі і падбародзьдзя.

«Хацеў захаваць жыцьцё і здароўе»

Па словах аднаго з удзельнікаў працэсу, дырэктар ліцэю не згадзіўся з пратаколам і заявіў, што пашкоджаньні ў вобласьці падбародзьдзя і грудзей ня маюць дачыненьня да ягоных дзеяньняў. Патлумачыў, што запрасіў ліцэіста Я. у кабінэт, каб правесьці выхаваўчую працу, бо той грубіяніў. Утрымліваў свайго падаспечнага за рукі, «таму што хацеў захаваць ягонае жыцьцё і здароўе». Сьцьвярджаў, што ліцэіст-сірата нібыта меў нейкія матывы яго абгаварыць.

Па вэрсіі самога Я., дырэктар, апроч таго, моцна прыціскаў яго да сьцяны і зачапіў рукой падбародзьдзе. Хлопец расказаў, што, калі пачаў крычаць у кабінэце, адміністрацыя выклікала хуткую дапамогу зь Віцебскага абласнога псыхіятрычнага дыспансэру. Але лекары адмовіліся везьці вучня ў псыхіятрычную клініку – адвезьлі ў дзіцячую лякарню, дзе ў хлопца зьнялі пабоі.

Непаўнагадовы сьцьвярджае, што гэта ня першы выпадак, калі адміністрацыя палітэхнічнага ліцэю запалохвае непакорлівых вучняў «дзявяткай» (гэтак у народзе называюць псыхіятрычную клініку ў пасёлку Віцьба пад Віцебскам).

Справу – на дапрацоўку

Стала вядома, што судзьдзя Алена Грабянчук на няпэўны час абвясьціла ў судовым паседжаньні перапынак, вярнуўшы матэрыялы справы на дапрацоўку ў міліцыю. Будзе праведзеная дадатковая судова-мэдычная экспэртыза (паводле дакумэнтаў і з улікам тлумачэньняў пацярпелага) і апытаныя сьведкі.

Руслан Вінакураў быў прызначаны дырэктарам Віцебскага дзяржаўнага палітэхнічнага прафэсійнага ліцэю ў 2019 годзе. Да гэтага ён 9 гадоў узначальваў абласны камітэт прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяродзьдзя (2009-2018). У 2018 годзе быў пераабраны ў склад Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў (ад Ноўкінскай выбарчай акругі №9).

Дырэктар ВДППЛ і дэпутат Віцебскага аблсавету Руслан Вінакураў. Фота: vitvesti.by

Уваходзіць у склад прэзыдыюму Віцебскага абласнога Савету дэпутатаў 28-га скліканьня.

Пацярпелы Я. – сірата, скончыў першы курс палітэхнічнага ліцэю, жыве ў інтэрнаце. Дырэктар ліцэю Вінакураў – ягоны апякун. На судзе ў якасьці законнай прадстаўніцы Я. выступала супрацоўніца аддзелу адукацыі, спорту і турызму адміністрацыі Чыгуначнага раёну Віцебску. Хадайніцтва пацярпелага, каб яго інтарэсы на судзе бараніў праваабаронца Беларускага Хэльсынскага камітэту Павал Левінаў, было адхіленае.

За наўмыснае прычыненьне пашкоджаньняў на целе (ч.1 арт. 9.1 КаАП) прадугледжанае пакараньне ў выглядзе штрафу (ад 10 да 30 б.в.) альбо адміністрацыйны арышт.

Калі адбудзецца працяг судовага працэсу – пакуль невядома.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.