Яраслаў Кійко быў затрыманы супрацоўнікамі міліцыі ў сябе дома 5 чэрвеня. На яго склалі пратакол паводле часткі 1-й артыкулу 23.34 КаАП. У пастарунку ён прабыў 5 гадзін, да суду яго меліся адвезьці ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ), але выявілі ў актывіста падвышаную тэмпэратуру. Апроч таго, высьветлілася, што Кійко на той момант знаходзіўся на бюлетэні, таму супрацоўнікі МУС вымушаныя былі яго адпусьціць.
На суд 16 траўня Яраслаў Кійко таксама не прыйшоў, бо падчас паседжаньня знаходзіўся на працы ў школе. Судзьдзя Іна Грабоўская разгледзела справу ў яго адсутнасьць. Сьведак на судзе таксама не было. Кійко вінавацілі ва ўдзеле ў несанкцыянаваным мітынгу.
Паводле пратаколу, Яраслаў Кійко 31 траўня знаходзіўся каля бізнэс-цэнтру «Марка-Сіці», дзе праходзіў пікет для збору подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскаю, на якім актывіст нібыта выкрыкваў лёзунгі «Жыве Беларусь!» і «Стоп, таракан!», чым і парушыў, на погляд міліцыі, заканадаўства аб масавых мерапрыемствах.
На судзе былі прадэманстраваныя відэазапісы, на агульных плянах якіх былі бачныя колькі сотняў пікетоўцаў. Большасьць з удзельнікаў былі ў масках, і ідэнтыфікаваць іх праз твары было немагчыма. Тым ня менш, судзьдзі было гэтага дастаткова, каб вынесьці рашэньне ў дачыненьні Яраслава Кійко: 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Пасьля 17.00 тэлефон Яраслава Кійко быў ўжо недасяжны.
Нагадаем, на пікетаваньні 31 траўня з прамовай выступаў сузаснавальнік БХД Павал Севярынец, які таксама на дадзены момант знаходзіцца за кратамі.
Таксама сёньня суд Кастрычніцкага раёну пачаў разглядаць справу актывісткі «Краіны для жыцьця» Юліі Барсуковай, у дачыненьні да якой быў складзены пратакол паводле ч.3, арт. 23.34 КаАП. Спадарыню Юлію абвінавацілі ў тым, што пад выглядам збору подпісаў яна правяла несанкцыянаванае пікетаваньне зь іншымі мэтамі. Але праз адсутнасьць у матэрыялах справы відэазапісаў судзьдзя Сьняжана Кіндзеева прыняла рашэньне адправіць справу на дапрацоўку. Калі адбудзецца суд – пакуль невядома.
Уладзімер Бяляўскі
Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!