Серада, 10 Чэрвень 2020

Судзьдзя Цыганкова з другой спробы аштрафавала Аляксандра Ільінца на 1080 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(2 галасоў)
Аляксандар Ільінец Аляксандар Ільінец

9 чэрвеня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску палічылі даказаным факт удзелу віцебскага актывіста Аляксандра Ільінца ў не дазволеным уладамі пікетаваньні з выкарыстаньнем плякату «Свабоду Ціханоўскаму!» і выявай перакрэсьленага прусака. Судзьдзя Алена Цыганкова аштрафавала актывіста на 40 базавых велічыняў. Між тым, Ільінец зьяўляецца сябрам ініцыятыўнай групы Ганны Канапацкай.

30 траўня Аляксандар Ільінец падышоў да зборшчыкаў подпісаў за Сьвятлану Ціханоўскую і пастаяў каля пікету каля 12 хвілінаў. Гэтага аказалася дастатковым, каб – з другой спробы! – абвінаваціць актывіста ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікеце.

Парадокс, але 1 чэрвеня, калі праходзіў першы суд над удзельнікамі пікетаваньня, судзьдзя Алена Цыганкова ў дзеяньнях Ільінца незаконных дзеяньняў ня ўбачыла ды накіравала ягонаю справу на дапрацоўку. Ніякіх прамоваў ці публічных зваротаў на пікеце ніхто не рабіў, але гэтым разам для абвінавачваньня дастатковым аказалася намінальная прысутнасьць актывіста ля плякатаў з выявамі і надпісамі.

«40 базавых за тое, што я падышоў да сваіх знаёмых, каб паразмаўляць! Гэты факт сьведчыць пра тое, што яны хочуць яшчэ да выбараў загнаць пад плінтус усіх больш-менш актыўных людзей», – кажа Аляксандар Ильінец.

За сваю актыўнасьць Ільінец ужо адседзеў 5 сутак адміністрацыйнага арышту, а агульная сума штрафаў, прысуджаных яму ад пачатку электаральнай кампаніі, складае ўжо 1755 рублёў (65 базавых велічынь).

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.