Панядзелак, 15 Чэрвень 2020

«Жахліва і брыдка!» Алену Радзькову аштрафавалі ў Наваполацку на 810 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Алена Радзькова Алена Радзькова

Сябра ініцыятыўнай групы Сяргея Чэрачня навапалачанку Алену Радзькову аштрафавалі сёньня на 30 базавых велічынь, прызнаўшы вінаватай ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні 28 траўня. У той дзень у Наваполацку прайшлі першыя пікетаваньні для збору подпісаў за прэтэндэнтаў у кандыдаты на прэзыдэнцтва. Алена проста падышла да пікету ініцыятыўнай групы Сьвятланы Ціханоўскай і пастаяла побач…

Разгляд адміністрацыйнай справы, заведзенай на Алену Радзькову паводле ч.3 арт. 23.34, адбыўся ў судзе Наваполацку. Разьбірала справу судзьдзя Зінаіда Балаболава. На паседжаньні прысутнічаў таксама супрацоўнік МУС Рэпнік, які складаў пратакол на актывістку. Як мяркуе Радзькова, сваімі дзеяньнямі гэты міліцыянт умешваўся ў выбарчы працэс і чыніў на яе – як на сябра ініцыятыўнай групы – ціск. Пра гэта актывістка ўжо паведаміла ў пракуратуру.

Паводле міліцэйскага пратаколу, Алена Радзькова ўзяла ўдзел у несанкцыянаваным пікетаваньні з выкарыстаньнем плякатаў «Не забудзе Беларусь парад-2020!», «Слуга, сыходзь – народ прыйшоў!» ды выявы перакрэсьленага прусака.

Па словах Радзьковай, міліцыянт Рэпнік так і ня змог адказаць на пытаньне, якое ж дачыненьне яна мела да тых плякатаў з надпісамі і наагул да несанкцыянаванага пікетаваньня. Актывістка расказвае, што судзьдзя Балаболава да апошняга моманту паводзіла сябе так, быццам добра разумее жанчыну і верыць, што яна ні пры чым. Вельмі пільна вывучыла пасьведчаньне Радзьковай, якое дазваляе ёй зьбіраць подпісы за Чэрачня…

«Але што ў выніку? Балаболава дастала свой чароўны нататнік, адкрыла яго і прачытала рашэньне: 30 базавых велічынь штрафу! Усё! Ну што я магу сказаць? Жахліва, брыдка і абсалютна ні за што!» – лічыць Алена Радзькова.

Нагадаем, што гэта ня першы штраф, прысуджаны Алены Радзьковай паводле арт. 23.34 (парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах). 22 траўня яе аштрафавалі на 8 базавых велічынь за ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.