Аўторак, 19 Май 2020

Чарговы штраф Алегу Баразьне: 810 рублёў – за ўдзел у стрыме Ціханоўскага

Ацаніць гэты матэрыял
(3 галасоў)
Алег Баразна каля будынку суду Алег Баразна каля будынку суду

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску 19 траўня пакараў віцябляніна Алега Баразну штрафам у памеры 30 базавых велічынь за ўдзел у стрыме блогера Сяргея Ціханоўскага. Судзьдзя палічыла, што Баразна, адказаўшы на пытаньне блогера, паўдзельнічаў у несанкцыянаваным пікетаваньні і парушыў тым самым заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (ч.1 арт. 23.34).

Адміністрацыйную справу жыхара Віцебску Алега Баразны разглядала судзьдзя Сьвятлана Варатынская. Працэс, на якім прысутнічала больш за 10 слухачоў, прайшоў у кабінэце судзьдзі – з ігнараваньнем якіх-небудзь правіл эпідэміялягічнай бясьпекі. Сама судзьдзя была бяз маскі.

Паводле міліцэйскага пратаколу, Алег Баразна 30 красавіка ўзяў удзел у несанкцыянаваным пікетаваньні, на якім абмяркоўвалася сацыяльная палітыка дзяржавы, будучыя выбары, выказвалася незадавальненьне кіраўніцтвам дзяржавы. Гаворыцца, што напрыканцы нехта выкрыкнуў: «Стоп, таракан!»

Абвінавачаны мужчына з пратаколам не згадзіўся. Заявіў, што трапіў на сустрэчу выпадкова і быў упэўнены, што анічога супрацьзаконнага ня чыніць, бо міліцэйскія патрулі ніяк не рэагавалі на тое, што адбывалася каля піраміды «Марка-сіці».

«Я проста выказаў свой пункт гледжаньня на некаторыя праблемы. І мне дазваляў зрабіць гэта артыкул 33 Канстытуцыі, які гарантуе свабоду меркаваньняў і перакананьняў. І гэта ўсё…» – сказаў на судзе Алег Баразна.

Судзьдзя Сьвятлана Варатынская палічыла вінаватасьць Баразны даказанай (сьведкі ў суд не выклікаліся) і пакарала яго за парушэньне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах штрафам у памеры 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Судзьдзя Сьвятлана Варатынская падчас працэсу

Гэта ўжо другі штраф, прысуджаны Баразьне ў траўні 2020 году за правапарушэньні паводле арт. 23.34. Раней, 8 траўня, судзьдзя Алена Цыганкова аштрафавала яго на 540 рублёў за ўдзел у акцыі кармленьня галубоў. Суткі да таго суду Алег Баразна правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня.

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.