Пятніца, 08 Май 2020

Удзельніка «кармленьня галубоў» Алега Баразну аштрафавалі на 540 рублёў

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)
Алег Баразна пасьля вызваленьня зь ІЧУ Алег Баразна пасьля вызваленьня зь ІЧУ

Суд Чыгуначнага раёну Віцебску прызнаў удзельніка «кармленьня галубоў» віцябляніна Алега Баразну вінаватым у парушэньні заканадаўства аб масавых мерапрыемствах (арт. 23.34 КаАП) і аштрафаваў яго на 20 базавых велічынь. Ноч з 7 на 8 траўня мужчына правёў у ізалятары часовага ўтрыманьня. У суд яго не прывозілі – паседжаньне ладзілася праз Skype.

Віцябляніна Алега Баразну затрымалі 7 траўня. Пасьля складаньня адміністрацыйнага пратаколу яго адвезьлі ў ізалятар часовага ўтрыманьня (ІЧУ), дзе ён правёў усю ноч. Ягоную справу 8 траўня разглядала судзьдзя Алена Цыганкова. Суд прайшоў у анлайн-рэжыме (абвінавачаны знаходзіўся ў ІЧУ, судзьдзя – у залі паседжаньня).

Паводле міліцэйскага пратаколу, Алег Баразна 3 траўня ўзяў удзел у пікетаваньні, якое не было санкцыянаванае гарадзкімі ўладамі, пры гэтым інфармацыя аб мерапрыемстве была загадзя разьмешчаная ў інтэрнэце.

У якасьці сьведкі выступіў начальнік аддзелу аховы грамадзкага правапарадку Чыгуначнага РАУС Дзьмітрый Яўменаў. На судзе ён патлумачыў, што «грамадзяне падчас сустрэчы абмяркоўвалі грамадзка-палітычную і эканамічную сытуацыю ў краіне, кармілі галубоў, а нехта пры гэтым пракрычаў «Стоп, таракан!»

Алег Баразна з пратаколам згадзіўся, але патлумачыў што гэта не было масавым мерапрыемствам, а была звычайная сустрэча сяброў, і «Стоп, таракан!» ён дакладна не крычаў.

«Не было ані сьцягаў, ані транспарантаў...»

«Не было ані сьцягаў, ані транспарантаў. Я ў страшным сьне ня мог сабе ўявіць, што за тое, што мы зрабілі, могуць на цэлыя суткі кінуць у ІЧУ, а потым яшчэ пакараць у судзе. У галаве гэта ня ўкладваецца!..» – заявіў на судзе Алег Баразна.

Паведаміў таксама, што яго затрымлівалі аж 8 супрацоўнікаў МУС.

«Хіба пасьля гэтага ня будзеш абмяркоўваць палітычную і эканамічную сытуацыю ў краіне, калі бачыш, як і на што марнуюцца нашыя грошы?» – сказаў Баразна.

Сваю віну на судзе Алег Баразна не прызнаў.

Тым ня менш, судзьдзя Цыганкова прызнала віцябляніна вінаватым ва ўдзеле ў несанкцыянаваным пікетаваньні і пакарала яго штрафам у памеры 20 базавых велічынь (540 рублёў).

Ужо пасьля вынесенага рашэньня Алега Баразну адвезьлі зь віцебскага ІЧУ ў аддзяленьне аховы правапарадку на вуліцы Кірава, дзе на яго склалі яшчэ адзін пратакол за правапарушэньне, прадугледжанае артыкулам 23.34 КаАП. Мужчына расказаў, што чарговы пратакол быў складзены за ягоны ўдзел у сустрэчы з блогерам Сяргеем Ціханоўскім 30 красавіка каля піраміды «Марка-сіці» ў Віцебску.

Разгляд справы адбудзецца ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску 19 траўня (пачатак – 11.00).

Зьміцер Міраш

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.