Серада, 11 Сакавік 2020

Абласны суд разгледзеў скаргі Алеся Круткіна і Алены Янушкоўскай. Што ў выніку?..

Ацаніць гэты матэрыял
(4 галасоў)

Віцебскі абласны суд 11 сакавіка разгледзеў скаргі полацкага актывіста Алеся Круткіна і блогеркі Алены Янушкоўскай на пастановы судоў ніжэйшай інстанцыі, якія аштрафавалі іх за парушэньні парадку арганізацыі і правядзеньня масавых мерапрыемстваў (арт. 23.34 КаАП РБ). У абодвух выпадках пастановы пераглядала судзьдзя Сьвятлана Іванова.

Алеся Круткіна, які ўжо 45 содняў знаходзіцца за кратамі віцебскага ізалятара часовага ўтрыманьня, у абласны суд не прывезьлі.

У скарзе Круткін аспрэчваў рашэньне суду Першамайскага раёну Віцебску ад 13 лютага, які на падставе ч. 3 арт. 23.34 КаАП аштрафаваў яго і віцяблянку Натальлю Сьпірыдонаву (яна скаргу не падавала) на 50 базавых велічынь (1350 рублёў). Судзьдзя Алена Протас прызнала тады актывістаў вінаватымі ў тым, што яны разьмясьцілі на будынку «плякат» «Калгаснай дыктатуры баста!», чым нібыта публічна выказалі свае грамадзка-палітычныя погляды.

З пастановай Круткін і ягоны адвакат не пагадзіліся і прасілі спыніць справу на той падставе, што саўдзел Круткіна ў несанкцыянаваным дзеяньні ніякімі канкрэтнымі фактамі ня быў даказаны.

«Дасьледаваўшы матэрыялы справы і довады, выкладзеныя ў скарзе», судзьдзя Сьвятлана Іванова вырашыла пакінуць пастанову бяз зьменаў, а скаргу – без задавальненьня.

Парушаючы нормы і правы...

Па гэткім жа сцэнары праходзіла і дасьледаваньне акалічнасьцяў адміністрацыйнай справы актывісткі Алены Янушкоўскай. Пастановай суду Віцебскага раёну ад 18 лютага на падставе ч. 1, арт. 23. 34 КаАП Янушкоўская была аштрафаваная на 30 базавых велічынь (810 рублёў).

Раённы суд прызнаў яе вінаватай у тым, што 26 сьнежня на сваёй старонцы ў сацыяльнай сетцы «Фэйсбук» яна разьмясьціла публічны заклік да ўдзелу ў несанкцыянаваным мітынгу і шэсьці, прызначаным на 29 сьнежня ў Менску на Кастрычніцкай плошчы.

У скарзе Янушкоўская даводзіла, што суд аштрафаваў яе, парушыўшы пры гэтым міжнародныя нормы і гарантаванае ёй Канстытуцыяй права на мірныя сходы. Блогерка зьвярнула ўвагу, што яе дзеяньні ніякім чынам не пагражалі інтарэсам дзяржаўнай ці грамадзкай бясьпекі, здароўю, маралі, правам і свабодам грамадзян, і прасіла спыніць справу.

Аргумэнты, выкладзеныя ў скарзе, падаліся судзьдзі Івановай недастатковымі, і скаргу яна не задаволіла.

С. Горкі

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.