«А якой дакладна гадзіне яго вызваляць, мне не паведамілі, параілі званіць пазьней дзяжурнаму», – сказала маці Алеся Круткіна Алена.
Яна распавяла, што перадачу з харчамі ўзялі, а вось ліст, які напісала сыну, перадаваць адмовіліся, маўляў, дазваляецца толькі поштай.
Спадарыня Алена расказала, што 27 лютага, на наступны дзень пасьля суду ў Лепелі, на якім Алеся асудзілі на чарговыя 15 сутак, яго наведала ў віцебскім ІЧУ адвакатка. Паводле яе, Алесь мае пазытыўны настрой і выглядае няблага. Па словах адвакаткі, галадоўку, якую ён абвясьціў у судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску, Алесь трымаць адмовіўся, бо палічыў «маленькай перамогай» ужо тое, што ў Першамайскім судзе яго пакаралі ня арыштам, а штрафам.
Першы раз Алесь Круткін быў пакараны сёлета адміністрацыйным арыштам на 15 сутак 28 студзеня ў Полацку (за ўдзел у антыінтэграцыйных акцыях у Менску), другі раз – 12 лютага ў судзе Кастрычніцкага раёну Віцебску (за налепку «Калгаснай дыктатуры баста!» на будынку аблпракуратуры), трэці – у Лепельскім райсудзе 26 лютага (за тыя ж налепкі).
Зь Лепеля Круткіна перавезьлі ў віцебскі ІЧУ, бо ў райцэнтры не знайшлося месца для яго ўтрыманьня.
Агулам Алесь Круткін правядзе за кратамі 45 сутак. Яго неадкладнага вызваленьня патрабуюць вядомыя беларускія блогеры – «Шэры Кот», Сяргей Ціханоўскі, Аляксандар Кабанаў ды іншыя. Праваабарончы цэнтар «Вясна» зьвярнуўся ў сувязі зь перасьледам і зьняволеньнем Круткіна да спэцдакладчыкаў ААН.
Зьміцер Міраш