Працэс над Круткіным і Сьпірыдонавай пачаўся ў судзе Першамайскага раёну яшчэ 12 лютага – амаль адразу пасьля заканчэньня паседжаньня ў судзе Кастрычніцкага раёна Віцебску, дзе актывістаў судзілі за такую ж налепку, але разьмешчаную на будынку абласной пракуратуры. Нагадаем, судзьдзя Ільля Белавус прызнаў актывістаў вінаватымі ў правядзеньні несанкцыянаванага пікетаваньня (арт. 23.34) і пакараў Сьпірыдонаву штрафам (30 б.в.), а Круткіна – 15 суткамі арышту.
У суд Першамайскага раёну Круткіна прывезьлі з віцебскага ізалятара часовага ўтрыманьня.
Паседжаньне 13 лютага доўжылася ня больш за 10 хвілін. З пратакола, агучанага судзьдзёй, вынікала, што Натальля Сьпірыдонава «публічна выказала свае грамадзка-палітычная погляды, павесіўшы на будынак плякат, які адлюстроўвае грамадзка-палітычныя інтарэсы».
Судзьдзя заявіла, што ў матэрыялах справы маецца інфармацыя пра тое, што заяваў на правядзеньне масавых мерапрыемстваў у гэтым месцы і ў дадзены час у мясцовыя выканаўчыя і распарадчыя органы не паступала.
Натальля Сьпірыдонава і Алесь Круткін на судзе. Фота: Шэры Кот
Характэрна, што ў міліцэйскіх пратаколах гаворка вялася толькі пра Сьпірыдонаву. Пра тое, ці клеіў улётку Круткін, ані слова. З паказаньняў сьведкі-міліцыянта вынікала толькі тое, што мужчына, падобны да Круткіна, «стаяў з тэлефонам». Гэта было бачна і на відэазапісы, якая дэманстравалася ў першы дзень паседжаньня. На гэта зьвярнула ўвагу і адвакатка Круткіна. Яшчэ яна заявіла, што невялікую налепку нельга разглядаць як несанкцыянаванае масавае мерапрыемства і прасіла спыніць адміністрацыйную справу.
Судзьдзя Алена Протас выслухала пярэчаньні і вынесла рашэньне аштрафаваць Алеся Круткіна і Натальлю Сьпірыдонаву на 50 базавых велічынь кожнага (2700 рублёў на дваіх).
Уладзімер Бяляўскі