Аўторак, 03 Сакавік 2020

Былога дырэктара заводу «ВІЗАС» асудзілі на пяць з паловай гадоў калёніі

Ацаніць гэты матэрыял
(1 голас)

Былы дырэктар ААТ «ВІЗАС» прызнаны вінаватым у крадзяжах, злоўжываньні службовымі паўнамоцтвамі і нявыплаце алімэнтаў на траіх дзяцей. Пяць з паловай гадоў ён правядзе ў калёніі ва ўмовах узмоцненага рэжыму, паведамляюць «Народныя навіны Віцебску».

43-гадовага мужчыну абвінавачвалі ў тым, што ад 2017-га да 2018-га году, калі займаў пасаду дырэктара заводу, ён неабгрунтавана выплачваў сабе завышаны заробак, скраўшы такім чынам 7 327 рублёў і 1 капейку.

Каб іншыя кіраўнікі не абураліся гэтым, ён плаціў завышаныя зарплаты таксама чальцам дырэкцыі, галоўным спэцыялістам ды іх намесьнікам. Усяго такім чынам завод пераплаціў 131 400 рублёў 22 капейкі.

Апроч таго, дырэктара зьвінавацілі ў тым, што цягам некалькіх гадоў (ад 2016-га да 2019-га) ён не плаціў жонцы грошай на ўтрыманьне траіх сваіх дзяцей.

Суд Віцебскага раёну прызнаў мужчыну вінаватым ва ўсіх інкрымінаваных яму злачынствах. Па сукупнасьці на падставе ч. 3 арт. 210 КК, ч. 3 арт. 424 КК і ч. 1 арт. 174 КК яго прысудзілі да пазбаўленьня волі на пяць з паловай гадоў, а таксама на 5 гадоў пазбавілі права займаць кіраўнічыя пасады.

Прысуд у законную сілу не ўступіў і можа быць абскарджаны і апратэставаны ва ўстаноўленым законам парадку, паведамляе прэс-служба Віцебскага абласнога суду.

 

Камэнтуйце гэтую навіну на нашай старонцы ў facebook!

Чытайце таксама навіны “Віцебскай Вясны” ў Telegram.