Інтарэсы сябраў партыі БНФ у судзе адстойваў старшыня абласной арганізацыі Кастусь Смолікаў. Справу разглядала судзьдзя Сьвятлана Абрамава. Адміністрацыю Першамайскага раёну прадстаўляла кіраўніца аддзелу арганізацыйна-кадравай працы Тацяна Лазуркіна.
Адначасна ў другой залі суду пазоў аб неўключэньні ва ўчастковыя выбарчыя камісіі Першамайскага раёну 19-ці прадстаўнікоў АГП разглядала судзьдзя Алена Савіцкая. Інтарэсы партыйных вылучэнцаў абаранялі кіраўнічка гарадзкой арганізацыі АГП Ірына Яскевіч і прадстаўніца правай кааліцыі Тацяна Севярынец. Ад Першамайскай адміністрацыі ў судзе прысутнічала начальніца юрыдычнага аддзелу Вікторыя Піменава.
Кастусь Смолікаў і Ірына Яскевіч заявілі хадайніцтвы аб удзеле ў працэсах прадстаўніка Беларускага Хэльсінскага камітэту Паўла Левінава. Хадайніцтвы былі задаволеныя.
Адзначым, што абодва судовыя працэсы праводзіліся на беларускай мове. Хадайніцтва прадстаўніцы адміністрацыі Тацяны Лазуркінай аб вядзеньні паседжаньня па-расейску было адхіленае.
Чаму ўлада не карыстаецца багатым досьведам партыйцаў?..
Кастусь Смолікаў зьвярнуў увагу суду на тое, што ад 2001-га году ніводны прадстаўнік партыі БНФ ва ўчастковыя выбарчыя камісіі Віцебску не патрапіў. Смолікаў выказаў зьдзіўленьне, чаму адміністрацыя раёну не скарысталася багатым досьведам партыйцаў, за плячыма якіх маецца ўдзел у многіх выбарчых кампаніях.
Кастусь Смолікаў падчас паседжаньня
Тацяна Лазуркіна, адказваючы на прэтэнзіі, запэўніла, што зацьверджаньне сябраў выбарчых камісій “адбывалася ў строгай адпаведнасьці з заканадаўствам”.
Павал Левінаў, у сваю чаргу, агучыў пункт гледжаньня грамадзкага аб’яднаньня БХК наконт законнасьці правядзеньня сёлетніх парлямэнцкіх выбараў. Зьвярнуў увагу на тое, што кіраўнік краіны сваім указам № 294 ад 5 жніўня 2019 году прызначыў выбары ў Палату прадстаўнікоў на 17 лістапада, хоць Канстытуцыя дакладна вызначае тэрміны паўнамоцтваў дзейснага парлямэнту на 4 гады. Парлямэнт распачаў працу 11 кастрычніка 2016 году, і, згодна з заканадаўствам, ягоныя паўнамоцтвы мусілі быць завершаныя не пазьней 11 кастрычніка 2020 году. Атрымліваецца, дзейныя дэпутаты не дапрацуюць 11 месяцаў. І гэта – без аніякіх прававых абгрунтаваньняў. Правядзеньне дачасных выбараў супярэчыць Канстытуцыі, таму, на думку Левінава, адміністрацыя Першамайскага раёну мусіла адмовіцца ад утварэньня ўчастковых выбарчых камісій і паставіць пытаньне аб неканстытуцыйнасьці Указу № 294.
Суд прыняў заяву да ведама і працягнуў разгляд справы.
У камісіях – амаль усе знаёмыя твары
Кастусь Смолікаў папрасіў адказаць прадстаўніцу райвыканкаму, наколькі зьмяніўся склад участковых камісій у параўнаньні зь леташнімі выбарамі. Замест чыноўніцы на пытаньне адказаў Павал Левінаў, які пасьпеў ужо прааналізаваць склад камісій. Аказалася, што ў некаторых камісіях 14 зь 15 чалавек уваходзілі ў склад камісій у мінулым годзе. У многіх сябры мінулагодніх камісій складалі больш за палову. Участковых камісій, якія б былі абноўленыя на 100%, не аказалася зусім.
Павал Левінаў зьвярнуў увагу таксама і на тое, што ў склад участковых камісій аднагалосна былі ўключаныя асобы, якія летась былі заўважаныя ў фальсыфікацыі дакумэнтаў.
Прадстаўнікі райвыканкаму так і ня здолелі патлумачыць пазоўнікам у судзе, чаму ў склад участковай камісіі ўключаюцца аж 15 прадстаўнікоў аднаго працоўнага калектыву і – ніводнага прадстаўніка апазыцыйнай партыі.
Тым ня менш, суд пакінуў рашэньне адміністрацыі Першамайскага раёну бязь зьменаў, а скаргі – без задавальненьня.
С. Горкі, фота аўтара