Сябры Надзеі Куканос расказалі, што 30 красавіка яны хацелі перадаць Куканос перадачу ў СІЗА, але прымаць перадачу там адмовіліся і паведамілі, што жанчыну ў панядзелак 29 красавіка адвезьлі ў Навінкі.
У лісьце, які атрымаў ад актывісткі віцяблянін Рафаэль Кірылаў-Шмільхольдхард, Куканос паведамляла, што два яе папярэднія лісты да яго зь СІЗА “ня выпусьцілі”, і з гэтай нагоды яна падала скаргу ў суд.
Ужо ад адваката паплечнікі Куканос даведаліся, што яна некаторы час правяла ў карцары, куды была зьмешчаная за тое, што дапамагала сукамэрнікам складаць скаргі. Між тым, сама накіравала некалькі скаргаў ва ЎДВП Віцебскай вобласьці на незаконныя дзеяньні супрацоўнікаў СІЗА і жахлівыя ўмовы ўтрыманьня пад вартай, але, зь ейных словаў, паперы за сьцены ізалятару таксама ня выйшлі.
Падала таксама скаргу ў суд Кастрычніцкага раёну Віцебску на проціпраўныя дзеяньні супрацоўнікаў СІЗА і неадпаведныя ўмовы ўтрыманьня ў ізалятары. У скарзе пісала ня толькі пра затрыманыя лісты, але і пра тое, што ёй не аказваюць мэдычную дапамогу (Куканос пакутуе на лімфастаз), утрымліваюць у адной камэры з падсьледнымі, якія паляць, што супрацоўнікі СІЗА зьневажаюць яе і чыняць гвалт. Судовы разгляд меўся адбыцца 30 красавіка, але суду не было, бо ў гэты дзень Куканос ужо знаходзілася ў Навінках.
На 2 траўня ў судзе Чыгуначнага раёну Віцебску прызначаны разгляд яшчэ адной скаргі Куканос – аб яе незаконным зьмяшчэньні ў СІЗА. Але сябры Куканос упэўненыя, што і гэты суд не адбудзецца.
Нагадаем, раней у дачыненьні да Надзеі Куканос былі распачатыя тры крымінальныя справы, якія былі пазьней аб’яднаныя ў адну вытворчасьць. Усе – паводле артыкулу 400 КК (“Заведама ілжывы данос”). Дзьве зь іх былі распачатыя пасьля заяваў жанчыны аб тым, што службовыя асобы чынілі над ёй гвалт. Апошняя крымінальная справа зьявілася пасьля таго, як у жніўні 2018-га Куканос напісала скаргу аб яе прымусовым зьмяшчэньні ў псыхіятрычную клініку. Пацярпелымі ў гэтых справах выступаюць сьледчыя і міліцыянты.
Адзначым, што зь Віцебскай абласной псыхіятрычнай бальніцы, куды ў 2018-м Куканос зьмясьцілі прымусова, жанчыну выпісалі на наступны дзень з заключэньнем “псыхічна здаровая”.
Раней адзін з сутаварышаў Куканос Пётар Іваноў выказваў меркаваньне, што асноўнай прычынай затрыманьня Куканос 11 красавіка і яе зьмяшчэньня ў СІЗА была не неабходнасьць правядзеньня экспэртызы па распачатых крымінальных справах, а жаданьне “закрыць” жанчыну на час візыту ў Віцебск генэральнага пракурора, да якога Куканос запісалася на прыём. Генпракурор Аляксандар Канюк праводзіў прыём грамадзян у Віцебску (прынамсі на прадпрыемстве “Віцебскмясамалпрам”) 30 красавіка.
Зьміцер Міраш