Нагадаем, судом Першамайскага раёну гораду Віцебску 4 красавіка быў разгледжаны пазоў да электраманцёра Сяргея Сікоры аб абароне гонару, годнасьці і дзелавой рэпутацыі. Прычынай стаў відэаролік “Рэжымнікі і акты”, які быў выкладзены ў інтэрнэт 8 красавіка. Пазоўнікамі выступілі супрацоўнікі рэжымнага аддзела мясакамбінату Мікалай Барсукоў і Сяргей Бізуноў. Тады судзьдзя Алена Савіцкая прыняла рашэньне абавязаць відэаблогера публічна папрасіць прабачэньня ў пазоўнікаў, а таксама сплаціць судовыя выдаткі.
З такім рашэньнем суду Сяргей катэгарычна не пагадзіўся.
“Я ня згодны, таму што мае аргумэнты не былі ўлічаныя. Гэтак жа не былі прынятыя да разгляду відэаматэрыялы, якія былі зробленыя за некалькі дзён да паседжаньня. Судзьдзя вылучыла тыя моманты, якія былі на карысьць пазоўнікаў, і праігнаравала доказы, якія падаваліся мною і сьведкамі”, – заявіў на пачатку судовага паседжаньня Сяргей Сікора.
У апэляцыйнай скарзе Сікора адзначыў, што “судом так і не было ўстаноўлена прычынна-выніковай сувязі паміж зьяўленьнем у інтэрнэце роліку “Рэжымнікі і акты” і прыніжэньнем дзелавой рэпутацыі пазоўнікаў”. Канстатаваў таксама, што суд першай інстанцыі не правёў лінгвістычнай экспэртызы, і, не маючы на тое права, сам даў ацэнку словаў і фразаў, якія пазоўнікі палічылі зьневажальнымі.
Акрамя таго, спаслаўшыся на Канстытуцыю РБ і Міжнародны Пакт аб грамадзянскіх і палітычных правах, падкрэсьліў, што грамадзяне Беларусі маюць права на свабоду выказваньня меркаваньня, а таксама права на выказваньне крытыкі ў дачыненьні да любых службовых асобаў.
У абласным судзе, таксама як і ў Першамайскім, асноўныя спрэчкі разгарнуліся вакол заяваў, выкладзеных у відэароліку. Сікора спрабаваў зноў давесьці, што пазоўнікі, супрацоўнікі рэжымнага аддзелу, ходзяць па камбінаце без адпаведнай формы і даглядаюць людзей па-за пакоем дагляду, не паказваючы дакумэнтаў.
“Гэта выклікае сумненьне ў датрыманьні законнасьці”, – падкрэсьліў ён.
Пазоўнікі ж, у сваю чаргу, зноў усё абвяргалі і спрабавалі пераканаць суд у адваротным, але ніякіх канкрэтных доказаў не прыводзілі.
“Адказчык сказаў, што мы мусім у 10.00 быць ужо ў форме. Але тады, па ягонай лёгіцы, мы і зараз павінны сядзець у судзе ў гумовых ботах…” – гэта адзіная фраза, якую сказаў супрацоўнік рэжымнага аддзелу Сяргей Бізуноў.
Тым ня менш судзьдзя Ніна Сазонава прыняла рашэньне пакінуць скаргу відэаблогера без задавальненьня, а рашэньне суду – у сіле.
Пасьля судовага паседжаньня Сяргей Сікора заявіў, што чакаў такога рашэньня і што зьбіраецца аспрэчыць і яго. Таму з прабачэньнямі мясакамбінату таксама прыйдзецца пачакаць…
Уладзімер Бяляўскі