Усе абвінавачаныя прызналі сваю віну цалкам ці часткова. Дзяўчына, якой 18 год споўнілася ў СІЗА, расказала ў судзе, што супрацоўнічала з інтэрнэт-крамай па продажы наркотыкаў, кантактуючы зь ёй праз мэсэнджар “Тэлеграм”. Паведаміла суду, што ня ведала аб тым, што займаецца збытам.
“Я думала тады, што збыт – гэта хіба калі з Мэксыкі вязуць 5 кг какаіну…” –прызналася дзяўчына.
Усе трое заявілі на першым паседжаньні, што ніхто і ніколі – ні ў школе, ні ў тэхнікумах – ім не тлумачыў, якая адказнасьць можа наступіць за тыя дзеяньні, якія яны рабілі.
Дзяўчына прызналася, што першы раз ужыла наркотык за месяц да затрыманьня. Рэчыва ёй прапанавала знаёмая, якая пазьней папрасіла маладзёнаў самім уключыцца ў працу з інтэрнэт-крамай. Што цікава, за дзень да затрыманьня маладых людзей гэтая знаёмая перасекла межы Беларусі ў накірунку Смаленскай вобласьці і дагэтуль знаходзіцца на свабодзе.
Абвінавачаная таксама распавяла, што хацела спыніць працу на інтэрнэт-краму, але ўжо не магла, бо літаральна празь некалькі тыдняў адчула залежнасьць ад ужываных псыхатропаў.
Працэс у судзе Чыгуначнага раёну Віцебску, які вядзе судзьдзя Дзяніс Аляксеенка, праходзіць на фоне галадоўкі, якую на Міншчыне абвясьцілі ўдзельніцы руху “Маці-328”. Маці асуджаных лічаць, што зьмены, прынятыя нядаўна ў артыкул 328, недастатковыя. Нагадаем, дакумэнт зьменшыў ніжнія межы пакараньня па ч.2 артыкулу (было ад 5 гадоў, стала – ад трох) і па ч.3 (было ад 8 гадоў, стала – ад 6).
Адна з актывістак “Руху маці 328”, якая прысутнічала на першым паседжаньні суду ў Віцебску, выказала меркаваньне, што за кратамі ў судовай залі павінны былі б насамрэч знаходзіцца ня дзеці, якім хапіла б паўгода ў СІЗА, каб зрабіць належныя высновы, а арганізатары гандлёвых пляцовак у інтэрнэце, якім беларуская міліцыя дагэтуль ня можа даць рады.
Зьміцер Міраш