Ураджэнка Віцебску была абвінавачаная ў прычыненьні сьмерці па неасьцярожнасьці паводле часткі 1 артыкулу 144 Крымінальнага кодэксу. Раённы суд прызначыў ёй пакараньне ў выглядзе абмежаваньня волі тэрмінам на шэсьць месяцаў з адбыцьцём пакараньня ў папраўчай калёніі ва ўмовах пасяленьня. Цяпер калегія судзьдзяў у складзе Сяргея Бондарава, Аляксандра Абашына і Валянціны Буевай пастанавіла адмяніць гэтае рашэньне і накіраваць справу ў суд першай інстанцыі на перагляд. Суд адбываўся ў закрытым рэжыме.
Па завяршэньні судовага паседжаньня адвакатка Сьцяпанавай Надзея Бірукова заявіла: «Гэткае рашэньне дае нам шанец даказаць нашу прававую пазыцыю па справе. Падчас новага разгляду справы ўсе тыя довады, пра якія мы казалі, маюць месца быць пачутымі. Адным з нашых моцных аргумэнтаў ёсьць апошняе заключэньне экспэртызы, якое дае нам базу для станоўчага вырашэньня пытаньняў, зьвязаных з адказнасьцю Сьцяпанавай».
Як посьпех, з пункту гледжаньня адвакацкай практыкі, ацаніла яна перагляд справы новым складам суду: «Цяпер ня так проста дамагчыся скасаваньня выраку, нават частковага. У нашым жа выпадку вырак адменены цалкам, і справа накіраваная на новы разгляд».
Адсутнасьць Вольгі на цяперашнім судзе адвакатка патлумачыла цяжкасьцю для яе падабароннай кожны раз распавядаць пра няпростыя праблемы асабістага жыцьця.
Што тычыцца новага разгляду справы, то ён адбудзецца не пазьней як праз 20 дзён з дня перадачы матэрыялаў у суд Чыгуначнага раёну.
Мерай стрыманьня для жанчыны суд абраў падпіску аб нявыезьдзе.
https://vitebskspring.org/news/sud/item/2532-ablasny-sud-pastanaviu-nakiravats-spravu-volgi-stsyapanavaj-na-novy-razbor#sigProIdfab925c8c1
С. Горкі