Згодна са статыстыкай, тэрміны паводле 328-га артыкулу адбываюць зараз у Беларусі больш за 16 тысяч асуджаных. “Гэты артыкул быў накіраваны найперш супраць наркагандляроў і наркабаронаў. Дык як жа так сталася, што ў Беларусі на сёньня выяўлена аж 16 тыс. наркабаронаў?..” – пытаюцца маці. Пытаньне для іх рытарычнае. Бо ведаюць як. Падчас доўгіх крымінальных працэсаў ужо добра вывучылі мэханіку абвінавачваньня, якой карыстаюцца сьледчыя.
Затрымліваюць па першай частцы, садзяць па трэцяй
“Усё вельмі проста. Затрымліваюць звычайна па першай частцы (выраб, набыцьцё, захоўваньне бяз мэты збыту – ад 2 да 5 гадоў), а потым перакваліфікоўваюць на 2-ю, 3-ю (з мэтай збыту групай асобаў – ад 8 да 15 гадоў) альбо 4-ю (тое ж арганізаванай групай – ад 10 да 20 гадоў) часткі. І робяць гэта вельмі лёгка, бо аніякі крымінальна-працэсуальны кодэкс, калі гаворка вядзецца пра 328 артыкул, не працуе…” – запэўнівае Ларыса, адна з маці асуджанага і ўдзельніца “Матчынага руху 328”.
“Матчын рух 328” паўстаў пасьля таго, як па Беларусі ў 2015 годзе пракацілася сапраўды “жэстачайшая” хваля затрыманьняў і судоў паводле “наркатычнага” артыкулу. Гэтак беларускія сьледчыя і судзьдзі зацята і жорстка выконвалі так званы антынаркатычны дэкрэт, падпісаны Лукашэнкам напрыканцы 2014 году. “Чым большы тэрмін давалі, тым больш зорак атрымлівалі на пагоны”, - сьцьвярджаюць маці.
Маці: нас аб’ядналі гора, несправядлівасьць і СІЗА
“Паверце, калі прыйдзеце ў пакой для прыёму перадач а 9-й раніцы і запытаецеся, у каго тут па 328-й, то чалавек 9 зь 10 адгукнуцца. І кожнай маці ёсьць пра што расказаць і чым падзяліцца. Так што нас аб’яднала адно гора, аб’яднала несправядлівасьць у дачыненьні да нашых дзяцей, якія, як апынулася, зусім не патрэбныя гэтай дзяржаве”, - кажа Ларыса.
У Віцебску такіх маці сотні, у Беларусі – тысячы. Сёлета ўдзельніцы руху накіравалі адкрыты ліст да Аляксандра Лукашэнкі і атрымалі адказ. Магчымыя зьмены ў артыкул абяцаюць разгледзець на восеньскіх слуханьнях у парлямэнце.
Які ён выйдзе праз 10-15 гадоў на волю?..
Маці сьцьвярджаюць, што да адказнасьці паводле арт. 328 КК прыцягваюць і звычайных спажыўцоў (на іх мае распаўсюджвацца адміністрацыйная адказнасьць). Як гэта робіцца, падзяліўся аднойчы з нашым суразмоўцам адзін віцебскі сьледчы.
“Як патлумачыў, выглядае гэта так. Вы, напрыклад, спажываеце марыхуану. Купілі вось тут, прайшлі пяць мэтраў, і захацелася вам пакурыць. Запалілі. Дык вось гэтыя пяць мэтраў, што вы прайшлі, – гэта ўжо “захоўваньне”. Як мінімум, 1-я частка крымінальнага артыкулу. І гэтак далей…” – перадае словы апэратыўніка Ларыса.
“Дык не наркабаронаў і наркадылераў садзяць, дзеля барацьбы зь якімі і быў уведзены той дэкрэт. Бо хто вазіў кіляграмамі, яны і дагэтуль возяць. А садзяць нашых дзяцей, якія, можа, першы раз у жыцьці цыгарэту ў руку ўзялі ды зь сябрам падзяліліся. Які тут збыт? Якое захоўваньне? Якая група асобаў і якія 15 гадоў?.. Гэта сьмешна! Ну дайце яму папраўчыя працы, каб чалавек абдумаўся. А так… Скажыце, які ён выйдзе праз 10-15 гадоў на волю? Азлоблены на ўвесь сьвет!” – кажа адна з жанчын.
Вось некалькі гісторый.
“Судзьдзя сядзела і пасьміхалася”. Вырак: 11 гадоў – за меркаваны намер
“У нас зусім ужо сьмешна атрымалася”, – пачынае расказваць насамрэч сумную гісторыю, якая здарылася зь яе мужам, жанчына Ірына. Муж працаваў зваршчыкам. І калі зь нейкай прычыны пачалі правяраць аднаго ягонага знаёмага, то зь ператрусам прыехалі і ў дом Ірыны.
“Я адсутнічала на той момант. Мужа забралі на ІЧУ, бо знайшлі на падлозе разам з мышынымі какашкамі нібыта 1,87 грама марыхуаны і прыстасаваньне для паленьня. Пра гэта толькі на судзе даведалася. Так, муж прызнаўся, што спажываў, – расказвае Ірына.
Паводле ейных словаў, да мужа прыходзіў сьледчы і паабяцаў: калі, маўляў, прызнаесься, дзе ў цябе ляжыць астатняе, частку (быў затрыманы па першай) табе ня зьменім і нічога табе ня будзе.
“Мой муж, чалавек наіўны і з крымінальным сьветам зусім незнаёмы, узяў ды паверыў сьледчаму. У выніку паказаў, дзе ў яго ляжыць. Так, мужа сапраўды выпусьцілі, але празь месяц зноў прыяжджаюць супрацоўнікі і забіраюць яго ў СІЗА. На якой падставе, пытаюся. “А вось распараджэньне, кажуць, частка 3-я арт. 328 – распаўсюджваньне…”
У выніку далі яму 11 гадоў. Ведаеце за што? За намер (“умысел”) збыту, праз колькасьць рэчыва. Так у судовым рашэньні і напісана! Намер у нас быў! Ані сьведкаў, ані адбіткаў пальцаў, аніякіх доказаў. Толькі намер! Судзьдзя сядзела і пасьміхалася…” – апавядае жонка асуджанага.
“Лёгіка такая: калі ў яго была нейкая колькасьць травы, значыцца, ён плянаваў яе прадаць. Усё! Ведаеце, паводле такой лёгікі ці ня кожнага мужчыну можна пасадзіць за намер згвалтаваньня. Ну, вы разумееце, пра што я…” – абураецца Ірына.
“Чалавек жа прызнаўся, што спажываў, што сам для сябе вырасьціў гэты куст на дачы, што пра гэта ніхто ня ведаў і нікому прадаваць не зьбіраўся. 11 год! І аніякіх зьмякчальных абставінаў. Муж працаваў, утрымліваў сям’ю, ніколі не прыцягваўся да адказнасьці – не. Гэта ж 328 артыкул! Вось так выпадкова прыйшлі з вобшукам і зрабілі сабе зорачкі…” – дадае жонка.
Падвёз хлопчыка? Атрымай 11 гадоў узмоцненага рэжыму
Сына Ларысы затрымалі ў студзені 2015 году каля віцебскай “Кароны”. Маці распавядае, што Дзяніс усё жыцьцё займаўся рамонтам аўтамабіляў і меў вялікае кола знаёмых. У той дзень паехаў у Менск за запчасткамі і згадзіўся падкінуць да сталіцы знаёмых. Тым больш, што тыя паабяцалі аплаціць палову кошту за бэнзін. Затрымалі іх ужо на зваротным шляху, ў Віцебску.
“Дзяніс потым расказваў, што спыняў міліцыянт з жазлом. Пакуль палез у бардачок за дакумэнтамі і ўзьняў галаву – вакол машыны стаялі ўжо чалавек 15. Усіх вывалаклі з аўто і знайшлі ў аднаго з хлопчыкаў у нагах пакецік 4,5 г. Усіх затрымалі і адвезьлі ў ІЧУ”, – распавядае маці.
“Я выдатна ведаю свайго сына. Гэта хлопец, якому палец у рот не кладзі. Калі б ён ведаў, што перавозіць нешта забароненае, ён бы проста не прыпыніўся на сваім джыпе”, - дадае.
Паводле словаў Ларысы, яе сын адмовіўся даваць паказаньні, бо нічога ня ведаў. Адзін жа зь непаўналетніх хлапцоў пасьля размовы ў ІЧУ са сьледчым паспрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, парваўшы сабе жылы…
Расьсьледаваньне справы і суды расьцягнуліся на паўтары гады. “Яны ніяк не маглі знайсьці аніякіх зачэпак, каб майго сына да гэтага ўсяго прывязаць. Ніякіх доказаў вінаватасьці не было. 25 сьведкаў – і ўсе прыцягнутыя за вушы. Хлопчыкі, якіх падвозіў Дзяніс, і падчас судовага працэсу (Першамайскі суд), і падчас абскарджваньня прысуду ў абласным судзе запэўнівалі, што трэці быў “проста вадзіла” і што ня меў дачыненьня да знойдзеных наркотыкаў. Наогул выпадковы чалавек… Але, “паводле меркаваньня суду”, “хлопцы проста выгароджвалі кіроўцу”. Адвакат запытаў яшчэ: навошта ім выгароджваць, хто ён ім? Ім жа сябе бараніць трэба! Але рашэньне было ўжо прынятае. Мой сын атрымаў 11 гадоў”, – гаворыць Ларыса.
“Я потым запытала ў сьледчага, ці падвязе ён жанчыну зь дзіцем, калі будуць галасаваць на дарозе. Ён адказаў: не. А я падвязу, адказваю. Але калі ў яе раптам знойдуць наркотыкі, мне што, зь ёй у турму садзіцца? І ён адказвае: так, вы таксама зь ёй будзеце сядзець…” – расказвае маці асуджанага.
Распавядае таксама, што прысудам сыну былі шакаваныя нават ахоўнікі, бо ўсе ў СІЗА лічылі яго невінаватым.
“Вашы хлопцы выпадкова трапілі…” Вырак – 14 гадоў
Даўнія сябры і былыя аднаклясьнікі Мікіта і Дзяніс былі затрыманыя напярэдадні “Славянскага базару 2016” каля адной зь вёсак пад Віцебскам. Сюжэт паказалі нават па БТ, бо ў справе фігуравала аж 2 кг наркатычнага рэчыва. Хлопцы нібыта ехалі забіраць “закладку”.
Сьледзтва цягнулася паўгода. А пасьля выявілася, што “дзейнічала група асобаў” (3-я частка). І хлопцы атрымалі ў выніку па 14 гадоў. Але, што да сьледзтва і суду, у іхных маці засталося шмат пытаньняў. Яны дагэтуль не разумеюць, як іх сыны апынуліся менавіта на гэтым месцы ў той сам час…
“Самае цікавае, як гэтыя 2 кг знайшлі, – распавядае Натальля, маці аднаго з асуджаных па гэтай справе. – Быў хлопчык, якога сьледчыя “вялі” цягам шасьці месяцаў. Потым затрымалі і шмат чаго знайшлі ў ягоным доме. І той прызнаўся, што дзень таму яшчэ пакінуў пакунак у кустах, там і там. Калі пакет забяруць, ня ведаў. Апэратыўнікі едуць на месца, знаходзяць пакет, зьбіраюць апэргрупу, здымаюць сюжэт на БТ і зьяжджаюць, пакінуўшы ў кустах муляж. Месца тое ніхто не пільнуе. Але ў 20:00 ладзяць там засаду, а ў 21:00 прыяжджаюць нашы хлопчыкі. Гэта што, тэлепатыя нейкая? Я ня ведаю, як гэта ў іх робіцца, таму адрасавала гэтае пытаньне ў СК, адказу няма…”
“І яшчэ адно пытаньне не дае мне спакою. Калі нават хлопцы ведалі пра наркотыкі і што яны там ляжаць, то як яны маглі аплаціць такую шалёную суму? Бо, як казалі на судзе сьведкі, 1 кг “міксу” каштуе 50 тыс. даляраў. Потым аказалася, што там было 2 кг – гэта 100 тыс. даляраў! Такіх грошай у хлопцаў проста быць не магло. А бясплатна, як я разумею, такі аб’ём не маглі кінуць у кусты для нібыта распаўсюднікаў. Нейкая бязглузьдзіца атрымліваецца…” – працягвае Натальля.
“Паводле паказаньняў сьведкі (трэці чалавек у аўтамабілі), яны прыпыніліся на тым месцы, бо машына раптам пайшла хадуном, усе выйшлі з аўто, каб дастаць “запаску”. Хлопцы нашы стаялі ля машыны і нават ня рухаліся…
Ведаеце, мне адзін апэратыўнік прызнаўся потым, што “група захопу” чакала тады зусім іншых, маўляў, “вашы хлопцы выпадкова трапілі”. Прыпыніліся кола памяняць. На 14 гадоў…” – зьдзіўляецца маці.
Абедзьве жанчыны кажуць, што іхныя сыны не былі “анёламі” і цалкам магчыма, што маглі нарабіць памылак. Але ўпэўненыя, што прысуд быў несправядлівы і неадэкватны, а віна хлопцаў – не даказаная. Сьцьвярджаюць, што прысяжныя засядацелі, ролю якіх выконвалі пэнсіянэркі, некалькі разоў папросту засыналі падчас судовых паседжаньняў. А афіцэры міліцыі ў якасьці сьведкаў раптам гублялі памяць (“Тут помню, а тут зусім ня помню…”).
Адна з маці расказвае, што ў апошнім слове ейны сын прызнаўся, як зь яго выбівалі паказаньні: “Напісаў усю праўду, як правёў некалькі гадзін зь мехам на галаве, закаваны ў кайданкі, у вісячым становішчы за адну руку. Але судзьдзя яго нават слухаць ня стаў. Прысуд – 14 гадоў узмоцненага рэжыму”.
Зьяўленьне сьведкі. Падлетак атрымаў “дзясятку”
Сына Алены затрымалі, калі яму было ўсяго 15 гадоў (адказнасьць паводле арт. 328 КК наступае з 14-ці). Паводле маці, яго затрымалі ў пад’езьдзе зь нейкім пакетам сумесі. Потым аказалася – са спайсамі. Казаў, што пакет знайшоў і чакаў сябра, каб аднесьці яго ў міліцыю.
“Як бы там ні было, інкрымінаваць майму сыну маглі толькі захаваньне (частка першая). Было апытана шмат сьведкаў, у асноўным школьнікаў, і ўсе казалі, што ён не прадаваў гэтыя спайсы”, - расказвае маці.
“А потым раптам зьяўляецца аднекуль сьведка, які кажа, што так, прадаваў. І хоць усе факты былі за тое, што на той момант Максім быў у школе і ніяк ня мог прадаць гэтаму чалавеку спайсы, сыну інкрымінавалі збыт і далі 10 гадоў”, - кажа Алена. Сьцьвярджае, што той сьведка потым прызнаўся, быццам даваў паказаньні пад ціскам і што менавіта сьледчы вымусіў яго даваць паказаньні супраць падлетка.
Максім адседзеў ужо тры гады. “Ён дзевяць клясаў толькі пасьпеў скончыць. Поўнай базы няма. Нядаўна перавялі яго з “малалеткі” на Віцьбу. І вось, аказваецца, што, калі па 328-й сядзіш, то нават у ПТВ цябе не бяруць, забаронена. Дык кім ён выйдзе ў 25 гадоў?..” – пытаецца маці.
“Магу выйсьці на вуліцу і пасадзіць любога”. 10 гадоў – на падставе словаў
У справе мужа Насты таксама зьявіўся нечаканы сьведка.
“Калі мне казалі знаёмыя, што цяпер дастаткова простых словаў, я ня верыла. Я чытала КПК, ведаю, што павінны быць відэа, пазначаныя грошы і г.д. Я казала, народ, гэта лухта, як можна пасадзіць чалавека на падставе адных словаў? Я ня верыла. Цяпер веру. Калі разабрацца, дык я магу выйсьці зараз на вуліцу і пасадзіць любога сустрэчнага”, – кажа Наста.
Распавядае, што зь ператрусам да іх прыйшлі зранку. Знайшлі марыхуану. Муж прызнаўся, што ўжывае і аддаў усё дабравольна. Два месяцы адсядзеў у СІЗА. А потым яму паведамілі пра вочную стаўку, на якую нечакана прывялі даўняга знаёмага мужа.
“Яны ведалі адзін аднаго яшчэ зь юнацтва. Муж быў у шоку. Той сьведка – увесь чырвоны, вочы долу і кажа, што мой муж калісьці, яшчэ ў верасьні 2016-га, даваў яму марыхуану. Нават не прадаваў – даваў. Гэта пры тым, што быў ужо студзень 2017-га… У выніку мужу інкрымінавалі 3-ю частку. Сем разоў гэты сьведка даваў паказаньні і сем разоў – розныя. І, нягледзячы на ўсе супярэчнасьці, 10 гадоў у сьпіну!..” – абураецца жонка асуджанага.
Але за мужа працягвае змагацца. Той самы знаёмы-сьведка ў прыватнай размове з Настай прызнаўся, што ў яго, маўляў, не было выхаду, што ў яго таксама знайшлі 4 грамы і што даць паказаньні супраць старога сябра яго вымусіў апэратыўнік. Наста запісала тую размову на дыктафон.
“Я напісала скаргі ў пракуратуру, СК, АУБ, РАУС і прыклала дыск з запісам, яны ўсе пра гэта ведаюць. І што? Адусюль прыйшлі адмовы…” – расказвае.
“Паслухайце, мне сьледчы і апэратыўнік з РАУС кажуць: “Змагайцеся, ваш муж невінаваты! Змагайцеся! Вы малайца!” Разумееце? Як гэта органы могуць казаць, што сьведка хлусіць, і пры гэтым праз 2-3 дні дасылаць мне адмову ва ўзбуджэньні крымінальнай справы?..” – пытаецца жонка асуджанага.
“Усе гэтыя “органы” сядзяць вось так перада мной і гавораць, што так, паводле гэтай частцы ён невінаваты. Дык а ў чым ён тады вінаваты? Што спажывае? Дык я прашу: прымяніце тады хоць першую частку! Ну як так можна? Якое ж тут правасудзьдзе? Чаму так? Таму што на самым версе далі каманду садзіць усіх без разбору? Дык каго садзіце? Звычайных спажыўцоў!” – вылівае эмоцыі Наста.
Завялі крымінальную справу і на 60-гадовую маці. За тазэпам…
Сыну 60-гадовай жанчыны Вольгі таксама далі вялізны тэрмін – пасадзілі на 12 гадоў. Маці сьцьвярджае, што сын першы раз у жыцьці купляў наркотыкі, хацеў паспрабаваць. Купляў праз інтэрнэт, потым паехаў зь сябрам забіраць закладку і быў затрыманы каля пэдунівэрсітэту. У шкарпэтцы знайшлі 0,97 грамаў. Але і тут першую частку 328-га артыкулу перакваліфікавалі ў трэцюю. Вялікі тэрмін далі толькі на падставе сьведчаньняў кіроўцы аўто, які раптам пачаў казаць, быццам падчас паездкі “было тры дарожкі”.
“То бок сьведчыў, нібыта мой сын усіх частаваў. А казаў гэта, бо на яго націснулі і запужалі. Той самы сьледчы…” – цьвердзіць маці.
Распавядае, што распачалі крымінальную справу і супраць яе.
“Яны прыйшлі праз два тыдні з ператрусам да нас дадому. У кватэры нічога не знайшлі. Але адшукалі нейкія таблеткі майго мужа, даўно ўжо пратэрмінаваныя, зь 2003-га году ляжалі – тазэпам. Гэта заспакаяльнае, якое майму мужы прапісвалі, калі ён лятаў на поўначы. Дык яны супраць мяне крымінальную справу завялі. І нас з мужам вазілі на асьведчаньне. Разумееце? Нам з мужам па 60 гадоў, і як гэта ўсё было, лепш ня буду расказваць…” – кажа Вольга.
Нармальныя тэрміны. Толькі судзіце сумленна!..
“Тое, што вы пачулі, – гэта толькі мізэрная частка. Такіх гісторый у Беларусі цяпер тысячы. І мы ня кажам, што нашы дзеці зусім невінаватыя. Магчыма, штосьці ў каго і было, але справа ня ў гэтым. Справа ў тым, што кожны чалавек мае права на памылку, якую трэба бачыць, адрозьніваць і даваць шанец на выпраўленьне. А калі гэта сапраўды “барыга”, які возіць кіляграмамі, распаўсюджвае і зарабляе на гэтым грошы – то няма пытаньняў. Але нашыя дзеці такімі барыгамі не былі”, - сьцьвярджае Ларыса.
“Падсумоўваючы, скажу вось што, – кажа Натальля. – Нам трэба бараніць свае правы. Калі мы самі ня будзем гэтага рабіць, за нас ніхто ня зробіць. І ня трэба баяцца! Людзі зараз настолькі жывуць у страху, так лёгка напужаць любога чалавека. Страх паўсюль...”
“Гэта ясна, што ў 328 артыкул трэба ўносіць зьмены. Але ж справа яшчэ ў іншым. Ведаеце, што мне мой сын нядаўна напісаў? Ды ня трэба, піша, пераглядаць той артыкул, нармальныя там тэрміны – проста судзіце сумленна і праўдзіва. Разумееце, у чым галоўная праблема?..” – задае пытаньне Натальля.
Пакуль што пытаньне аб сумленнасьці нашых судоў, на жаль, застаецца адкрытым.
Зьміцер Міраш