Інцыдэнт, што прычыніўся да звальненьня Сяргея Васільева з пасады дырэктара клюбу ў аграгарадку Туркова, здарыўся 3 чэрвеня. Сябра АГП распавёў, што ўвечары ён дзяжурыў у клюбе, калі да яго прыехаў загадчык ідэалягічнага аддзелу Мёрскага райвыканкаму Аляксандар Тронкін:
«Загадчык аддзелу заявіў, што я нецьвярозы, і выклікаў міліцыянта з “трубачкай”. Аднак ад праверкі на алькаголь я адмовіўся, бо палічыў захады супраць мяне правакацыяй. Тады мяне павезьлі ў раённы шпіталь, дзе лекар сустрэў з ужо гатовым актам агляду пра алькагольнае ап’яненьне. Акт быў напісаны нібыта на падставе зьнешняга агляду, але яшчэ да майго зьяўленьня. Той акт я таксама не падпісаў, затое зранку сам прыйшоў у шпіталь, да іншага лекара. Сам здаў аналіз, і ён паказаў поўную адсутнасьць алькаголю».
Пастановай Мёрскага раённага суду ад 15 чэрвеня 2017 году Сяргей Васільеў быў аштрафаваны на дзьве базавыя велічыні за знаходжаньне на працоўным месцы ў працоўны час у стане алькагольнага ап’яненьня. Пастанова суду стала падставай для чарговага звальненьня партыйнага актывіста з працы. З гэтай пастановай сябра АГП не пагадзіўся і аспрэчыў яе ў Віцебскім абласным судзе.
У сваёй скарзе ў абласны суд ён зьвярнуў увагу на тое, што справа была разгледжаная «неабгрунтавана і неаб’ектыўна» з цэлым шэрагам працэсуальных парушэньняў падчас мэдычнага агляду на прадмет ужываньня алькаголю. Да скаргі ён дадаў мэдычную даведку, якая засьведчыла нулявы вынік ап’яненьня. З улікам гэтых акалічнасьцяў Сяргей Васільеў прасіў абласны суд пастанову Мёрскага раённага суду адмяніць, а справу спыніць як распачатую неабгрунтавана.
У сваю абарону Сяргей Васільеў падаў некалькі аргумэнтаў. Так, зь яго меркаваньня, сьведка Аляксандар Тронкін мае да яго непрыязнае стаўленьне, выкліканае тым, што сёлета 31 сакавіка зь яго ініцыятывы партыйны актывіст ужо звальняўся з працы – нібыта за сыстэматычнае парушэньне працоўнай дысцыпліны. Тое звальненьне актывіст зьвязвае наўпрост з тым, што 25 сакавіка ён паехаў на Дзень Волі ў Менск. 18 траўня Мёрскі раённы суд прызнаў звальненьне неабгрунтаваным. Такім чынам, Тронкін меў падставу агаварыць яго ў сваіх паказаньнях.
Але самым галоўным аргумэнтам у абласным судзе Сяргей Васільеў палічыў акт агляду, які ён самастойна прайшоў уранку таго самага дня. Актывіст меркаваў, што ў судзе гэты акт будзе важкім аргумэнтам на яго карысьць, аднак судзьдзя абласнога суду Сьвятлана Іванова адзначыла, што да паўторнага мэдычнага агляду, на які Васільеў прыйшоў сам, ён мог цалкам працьверазець, бо з моманту магчымага ўжываньня ім алькаголю прамінула недзе дзесяць гадзін. Таму абласны суд не прыслухаўся да довадаў актывіста і пакінуў рашэньне суду першай інстанцыі бяз зьменаў.
Сяргей Васільеў перакананы, што ягоныя звальненьні зьвязаныя зь ягонай грамадзкай актыўнасьцю, а гісторыя з аглядам на алькаголь ёсьць усяго толькі працягам ціску на яго, бо першая спроба звольніць яго з працы аказалася няўдалай.
С. Горкі