У звароце праваабаронцы просяць Валянціна Сукалу «выказацца пра сутнасьць крымінальнай справы ў дачыненьні да Міхаіла Жамчужнага, характар зьвестак, якія з парушэньнем вызначанага законам парадку ён здабываў, устаноўленых прысудам матываў дзеяньняў асуджанага, у межах, якія не пацягнуць разгалошваньня ахоўваемых законам зьвестак».
Паводле аўтараў звароту, пералічаная інфармацыя паўплывае на ацэнку Праваабарончым цэнтрам «Вясна» абгрунтаванасьці і матываў крымінальнага перасьледу Міхаіла Жамчужнага і дазволіць зрабіць выснову, ці зьвязаны гэты крымінальны перасьлед зь яго праваабарончай дзейнасьцю.
Сябры ПЦ «Вясна» прынялі рашэньне аб неабходнасьці зрабіць гэты запыт пасьля таго, як 23 кастрычніка Вярхоўны суд у закрытым рэжыме разгледзеў касацыйную скаргу асуджанага і, на патрабаваньне пракурора, прыняў рашэньне аб павелічэньні на паўгода тэрміну зьняволеньня.
Нагадаем, Міхаіл Жамчужны 10 ліпеня бягучага году быў асуджаны Віцебскім абласным судом да 6 гадоў калёніі строгага рэжыму. Ён быў абвінавачаны паводле некалькіх артыкулаў Крымінальнага кодэксу - арт. 376 (ч.1, ч.2), арт. 375 (ч.1), арт. 431 (ч.1, ч.2). Гэта наўмыснае раскрыцьцё зьвестак, якія складаюць службовую таямніцу, незаконнае набыцьцё (выраб) сродкаў для таемнага атрыманьня інфармацыі, якая складае службовую таямніцу, а таксама дача хабару. Праз закрытасьць судовага працэсу Праваабарончы цэнтар «Вясна» ня мае дастатковай інфармацыі, каб даць ацэнку справе Міхаіла Жамчужнага.