Настасьсю ў сьнежні мінулага году камісія па справах непаўнагадовых Кастрычніцкага раёну Віцебску забрала зь сям'і, і больш за пяць месяцаў без судовага рашэньня яна знаходзілася ва ўстанове адукацыі «Сацыяльна-пэдагагічны цэнтар г. Віцебску» і яшчэ два месяцы ў дзяржустанове «Дзіцячы дом г. Віцебску».
Больш таго, у парушэньне правоў і законных інтарэсаў дзіцяці дырэктар Сацыяльна-пэдагагічнага цэнтру Ірына Ісачэнка адмовіла сваёй непаўнагадовай падапечнай ў засьведчаньні яе подпісу на даверанасьці аб прадстаўленьні яе інтарэсаў, аформленай на імя праваабаронцы Паўла Левінава.
Спрабуючы абараніць сябе ад самавольства ўладаў, Настасься абскардзіла рашэньне камісіі па справах непаўнагадовых у суд Кастрычніцкага раёну Віцебску. Аднак намесьнік старшыні раённага суду Алена Папкова пакінула скаргу дзяўчынкі бяз руху з-за таго, што яна не сплаціла дзяржпошліну за падачу скаргі.
«Усім вядомы цынізм нашых судоў, але такога судовага бязьмежжа, тым больш у дачыненьні да дзіцяці, Віцебск яшчэ ня бачыў», - абураецца праваабаронца Левінаў.
Судовая калегія па грамадзянскіх справах Віцебскага абласнога суду пацьвердзіла «слушнасьць» цынічнай пазыцыі судзьдзі Папковай і на фармальнай падставе пакінула без задавальненьня прыватную скаргу Настасьсі.
Пакуль ня вычарпаныя ўсе магчымыя спосабы абароны правоў і законных інтарэсаў, з дапамогай актывіста-праваабаронцы Настасься Антоненка гатовая працягваць змагацца зь бяздушнай негуманнай дзяржаўнай машынай.
«Паглядзім, якую пазыцыю зойме па справе Антоненкі Вярхоўны Суд краіны, - кажа праваабаронца Павал Левінаў. Аднак на многае не спадзяецца: - Чакаць справядлівага і бесстароньняга вырашэньня Вярхоўным Судом гэтай скандальнай гісторыі ня надта выпадае».