Ён непрыкметна паставіў машыну ў гараж у чаканьні зручнага моманту. Апошні не прымусіў сябе чакаць - ужо праз тыдзень па шчасьлівым зьбегу акалічнасьцяў у выніку вялікага сьнегападу часткова абрынуўся дах гаража. Начальнік райвэтстанцыі выклікаў свайго намесьніка і загадаў скласьці акт пра абрушэньне даху. Дакумэнт падпісаў асабіста, пасьля чаго выдаў загад: адрамантаваць службовы аўтамабіль за кошт сродкаў прадпрыемства. Што і было зроблена.
Пасьля таго, як кампэтэнтныя органы сталі праяўляць павышаную цікавасьць да гэтай гісторыі, мужчына прыйшоў у міліцыю і прызнаўся ва ўчыненым. Тым ня менш у якасьці зьмякчальнай акалічнасьці яўка з павіннай судом прынятая не была - раскаяньне 38-гадовы кіраўнік выказаў праз паўтара году пасьля таго, што адбылося. Прычым ужо падчас сьледзтва, ведаючы пра тое, што выкрыты.
Праўда, судзьдзя ўлічыў яго станоўчыя характарыстыкі, наяўнасьць на ўтрыманьні двух непаўналетніх дзяцей і той факт, што раней вэтлекар ня быў судзімы.
Пракурор Ушацкага раёну Максім Падворны распавядае: «Суд праходзіў у выязным рэжыме з запрашэньнем усіх кіраўнікоў сельгаспрадпрыемстваў раёну. Былы начальнік райвэтстанцыі прызнаны вінаватым ў занясеньні заведама фальшывых зьвестак у афіцыйныя дакумэнты, учыненым з карысьлівай і іншай асабістай зацікаўленасьці. Ён асуджаны да аднаго году пазбаўленьня волі».
Пакараньне ня будзе выкананае, калі цягам найбліжэйшага году асуджаны будзе строга выконваць вызначаныя законам умовы і ня ўчыніць новага злачынства.
З улікам кампэнсацыі кошту рамонтных работ Chevrolet Niva, крымінальна-прававой кампэнсацыі і дзяржпошліны «фантазёру», які прыдумаў «уважлівую» прычыну пашкоджаньня казённага аўто, трэба будзе выплаціць больш за 40 мільёнаў рублёў.
Алена Бегунова, sb.by