Пасьля тыднёвага сачэньня за працай касіраў з дапамогай схаванай камэры была праведзеная раптоўная інвэнтарызацыя, якая выявіла невялічкую нястачу, каля трох мільёнаў рублёў (150 $). Дырэктар крамы прад’явіў прадаўцам зробленыя ўпотай відэазапісы і запатрабаваў пісаць тлумачальныя. У выніку чатыры прадаўцы былі адхіленыя ад працы без аплаты на паўтара месяца, пасьля чаго былі звольненыя з прычыны страты даверу. Работнікі крамы лічаць, што схаванае відэаназіраньне вялося незаконна і не даказвае іхнай віны.
Усе звольненыя прадаўцы зьяўляюцца жанчынамі. Дзьве зь іх зьвярнуліся ў суд з патрабаваньнем прызнаць незаконным адхіленьне іх ад працы і аднавіць з выплатай зарплаты за вымушаны прагул і маральныя страты.
На першым паседжаньні суду прадаўцы ў прысутнасьці пракурора распавялі, як адбывалася раптоўная інвентарызацыя. У краму былі выкліканыя ўсе работнікі, якія знаходзіліся ў той дзень паводле графіку на выходным. Адміністрацыя распарадзілася, каб прадаўцы пакінулі свае сумачкі, адзежу і мабільныя тэлефоны ў габінэце дырэктара, і забараніла карыстацца тэлефонам на ўвесь час праверкі. Інвэнтарызацыя і наступныя разборкі доўжыліся з 9:00 да 22:00 – трынаццаць гадзін безь перапынку на абед і вячэру.
Пазаплянавая інвэнтарызацыя і таемны відэазапіс выявілі звычайныя невялікія парушэньні касавай дысцыпліны, калі разьменныя дробныя грошы захоўваліся ня ў касавым апараце. Прадаўцы патлумачылі, што вялікая колькасьць дробных купюр не зьмяшчаецца ў стары касавы апарат, і гэтак было зручней даваць дробную рэшту пакупнікам. Таксама выявілася, што работнікі крамы бралі тавар у пазыку да зарплаты. Для гэтага вёўся адмысловы сшытак, дзе запісвалі тавар, узяты работнікамі з крамы да аплаты яго ў дзень выдачы заробку. У гэты сшытак былі запісаныя ня толькі прадаўцы, але і загадчыца крамы, якая ведала пра такую звычайную практыку. Нават імя дырэктара крамы, спадара Жука, таксама аказалася ў сшытку – ён узяў больш як два гады таму радыётэлефон, за які не разьлічыўся дагэтуль. Падчас усіх інвэнтарызацыяў у краме гэты тэлефон ўносіўся ў сьпіс наяўных тавараў.
Дырэктар ААТ «ПолацакБудМатэрыялы» напісаў на сваіх работнікаў заяву ў міліцыю з далучэньнем відэазапісу, але ў РАУС завілі пра адсутнасьць ў дзеяньнях прадаўцоў складу злачынства. Пасьля гэтага, 6 студзеня, дырэктар звольніў прадаўцоў. Яшчэ да звальненьня работніцы напісалі скаргі ў пракуратуру і іншыя дзяржорганы пра незаконнасьць ўсталяваньня дырэктарам схаванага відэаназіраньня, праверкі па гэтых заявах яшчэ праводзяцца. У Беларусі ёсьць прэцэдэнт, калі дырэктар кандытарскай фабрыкі «Слодыч» была прысуджаная да трох гадоў калёніі за незаконнае ўсталяваньне спэцыяльных тэхнічных сродкаў, прызначаных для сакрэтнага атрыманьня інфармацыі.
Прадстаўнік ААТ «ПолоцакБудМатэрыялы» ў судзе юрысконсульт Тамашова Тацьцяна не адмаўляе наяўнасьць схаваных камэраў відэаназіраньня ў краме, усталяваных па ўказаньні дырэктара. Яна сказала: «Аб відэаназіраньні ёсьць абвестка ў краме». Аднак юрыст не змагла паведаміць, дзе менавіта ў краме знаходзіцца абвестка для наведвальнікаў пра відэаназіраньне. Паводле словаў прадаўцоў і наведвальнікаў крамы, такой абвесткі ў гандлёвай залі і на дзьвярох крамы не было. Аднак на наступны дзень пасьля першага паседжаньну суду абвестка ў краме зьявілася – на гандлёвым стэляжы каля касы. Але адкрытай відэакамэры ў краме ня бачна, можна меркаваць, што яна схаваная ў пажарных апавяшчальніках на столі гандлёвай залі.
Наступнае паседжаньне суду па гэтай справе прызначанае на 2 лютага.
Аляксандар Марозаў, Віцебская вясна