Папярэдне, фэст “Рок за жыцьцё” ў Віцебску наведала больш за 200 чалавек. Большасьць зь іх (усе, хто хацеў) атрымалі ў падарунак майкі зь вялікім белым “НЕ” (“Скажы НЕ сьмяротнаму пакараньню”) ад праваабарончага цэнтру “Вясна”.
На фэсьце прысутнічалі каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня” Андрэй Палуда і вядомы беларускі праваабаронца Валянцін Стэфановіч (ПЦ “Вясна”). Імпрэзу таксама наведалі віцебскія праваабаронцы Павал Левінаў, Леанід Сьвецік ды іншыя.
Са сцэны імпрэзы не гучала патасных лёзунгаў. Выканаўцы размаўлялі з публікай на яе мове – мове музыкі і рытму.
У “Бітлз-клюбе” сапраўды панавала жывая рокавая атмасфэра. Ва ўсіх сэнсах – за жыцьцё.
“Ведаеце, на такія імпрэзы трэба сілай прыводзіць пракурораў, якія зьяўляюцца заказчыкамі сьмяротнага пакараньня, судзьдзяў, якія падтрымліваюць гэты заказ, і саміх выканаўцаў прысудаў. Хай пабачаць, што яны зараз дзейнічаюць супраць будучага сваёй краіны - моладзі. Бо сёньняшні фэст паказвае: моладзь – супраць!” – выказаў меркаваньне вядомы віцебскі праваабаронца Павал Левінаў.
На жаль, ні пракурораў, ні судзьдзяў, ні – тым больш! – выканаўцаў сьмяротных прысудаў на фэсьце ў Віцебску заўважана не было (хіба – добра замаскаваліся). Затое было багата жывых твараў і шчырых эмоцый. Было сапраўды горача!
Андрэй Палуда: Важна даносіць гэтую думку да моладзі
У размове зь “Віцебскай вясной” каардынатар кампаніі “Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня” Андрэй Палуда нагадаў, што фэсты “Рок за жыцьцё” праводзяцца ў Беларусі ўжо трэці год запар (раней ладзіліся ў Менску і Берасьці).
Грае гурт Re1ikt
“Для нас вельмі важна, каб па пытаньні сьмяротнага пакараньня адбывалася дыскусія. Для нас важна даносіць думку аб адмене сьмяротнага пакараньня і аргумэнты на карысьць гэтай думкі да моладзі. І такі фармат, у выглядзе фэсту, мне падаецца, пасуе для гэтага больш за ўсё”, – гаворыць Андрэй Палуда.
Ён нагадаў таксама, што ў чэрвені 2018 году ў Віцебску прайшло абмеркаваньне праблемы сьмяротнага пакараньня з прадстаўнікамі беларускага парлямэнту і міжнароднымі экспэртамі.
“Мне падаецца, што такія рэчы дазваляюць нам ісьці да нашай асноўнай мэты – увядзеньня мараторыя на сьмяротнае пакараньне. Гэта будзе першым крокам”, – мяркуе Андрэй Палуда.
“Грамадзтва стала больш гуманным”
З часу сумна вядомага рэфэрэндуму, на якім беларусы нібыта выказаліся “за сьмяротную кару” прайшло ўжо больш за 20 гадоў – вырасла цэлае пакаленьне. Як бы яно прагаласавала зараз? Андрэй Палуда кажа, што ня ведае ніводнай краіны, дзе б сьмяротнае пакараньне адмянялася шляхам рэфэрэндуму (“Якраз наадварот – уводзілася”).
На фэсьце можна было набыць і нацыянальную сымболіку ад symbal.by
“Мы супраць рэфэрэндуму ў пытаньні адмены сьмяротнага пакараньня, таму што гэтае пытаньне палягае ў такой вельмі сур’ёзнай эмацыйнай плоскасьці, і таму ня варта яго выносіць на рэфэрэндум”, – мяркуе праваабаронца.
Падчас канцэрту
Але зазначае, што грамадзтва і, у тым ліку, моладзь, стала за гэты час больш гуманным.
Жыцьцё – найвялікшая каштоўнасьць
Нагадаем, што Беларусь дагэтуль застаецца апошняй эўрапейскай і адзінай постсавецкай краінай, якая прымяняе сьмяротнае пакараньне. Паводле зьвестак праваабаронцаў, за апошнія 20 гадоў у Беларусі пакаралі сьмерцю больш за 400 чалавек.
“Мы лічым, што жыцьцё зьяўляецца найвышэйшай каштоўнасьцю, натуральным і неад’емным правам чалавека. Сьмяротнае пакараньне мы расцэньваем як парушэньне права на жыцьцё, гарантаванае Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь і міжнароднымі дамовамі ў галіне правоў чалавека. Мы цьвёрда перакананыя: нішто не можа апраўдаць наўмыснае і бязьлітаснае пазбаўленьне чалавека жыцьця ад імя дзяржавы”, – гаворыцца ў пэтыцыі “Скажы НЕ сьмяротнаму пакараньню”, якую падпісалі ўжо каля 17 тыс. беларусаў.
Зьміцер Міраш, фота аўтара