Жыхары некалькіх дамоў, што знаходзяцца побач з плошчай Перамогі, адрэагавалі на мерапрыемствы газпромаўскага карпаратыву «Факел», што прайшлі літаральна пад іх вокнамі: яны зьвярнуліся да кіраўніка краіны з калектыўным лістом. Каля 50-ці чалавек, якія падпісалі ліст, просяць прэзыдэнта «як гаранта Канстытуцыі і законнасьці ў краіне» «цьвёрдай рукой» разабрацца ў сытуацыі і забараніць правядзеньне забаўляльных імпрэзаў на цэнтральнай плошчы Віцебску пасьля 23:00 гадзін. Копіі ліста накіраваныя таксама старшыням гар- і аблвыканкаму.

Мэмарыяльная дошка ў гонар Мікалая Касьпяровіча — выбітнага беларускага навукоўца, які загінуў у жорнах сталінскіх рэпрэсіяў — была адкрытая ў Віцебску 21 траўня на будынку №4 па вуліцы Крылова. Дагэтуль Касьпяровіч ў Беларусі быў ушанаваны толькі самаробнай дошкай у вёсцы Ізабалёва Пухавіцкага раёну Менскай вобласьці, дзе ён нарадзіўся 21 траўня (паводле новаму стылю) 1900 году.

Правёўшы пяць сутак у Віцебскім ізалятары часовага ўтрыманьня (ІЧУ) за раздачу ўлётак з запрашэньнем на акцыю 25 сакавіка, абласны кіраўнік партыі БНФ Леанід Аўтухоў вымушаны быў зьвярнуцца да лекараў. Паводле палітыка, у ІЧУ ён быў дастаўлены зусім здаровым, а як выйшаў стуль, лекары паставілі яму дыягназ «інфэкцыйная ангіна». На думку Леаніда Аўтухова, інфэкцыю ён, найхутчэй, падчапіў у ІЧУ, таму папрасіў санстанцыю праверыць на адпаведнасьць санітарным нормам умовы ўтрыманьня грамадзян у ізалятары.

На цэнтральныя вуліцах Віцебску зьявіліся бела-блакітныя сьцяжкі з выявай фірмовай кветкі “Газпрому”. Гэтак Віцебск сустракае гасьцей грандыёзнага карпаратыву - газпромаўскага фэстывалю “Факел”, які пройдзе ў горадзе з 13 па 20 траўня. Як дома «газпромаўцы» павінны адчуць сябе яшчэ на віцебскім вакзале - Прывакзальная плошча літаральна патанае ў фірмовых колерах расейскай энэргетычнай кампаніі, а на будынку ёсьць буйныя плякаты мерапрыемства. Сьцяжкамі з сымболікай фэстывалю ўпрыгожаныя таксама вуліцы Кірава, Замкавая, Леніна і праспэкт Фрунзе. Дзе-нідзе гэтыя сьцяжкі нават зачынілі дарожныя знакі.

Каардынатарка аргкамітэту па стварэньні партыі “Беларуская хрысьціянская дэмакратыя” Тацьцяна Севярынец атрымала адказ зь Міністэрства аховы здароўя Беларусі за подпісам намміністра Дзьмітрыя Піневіча на калектыўны зварот з заклікам прыняць меры да скарачэньня колькасьці абортаў у краіне. У адказе адзначаецца, што ўва ўсіх жаночых кансультацыях і моладзевых цэнтрах працуюць габінэты па плянаваньні сям’і, рэалізуецца Нацыянальны плян дзеяньняў па забесьпячэньні гендэрнай роўнасьці на 2011-2015 гады, які мусіць узьняць прэстыж сям’і і сфармаваць усьвядомленае бацькоўства.