Пятніца, 04 Кастрычнік 2024

Абнаўленне помніка і вайсковага пахавання. Стала вядома, якія «грамадскія ініцыятывы» гатовы падтрымаць улады

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У пачатку верасня ў Віцебску прайшла восьмая пазачарговая сесія абласнога савета дэпутатаў, на якой абмяркоўвалі вынікі папярэдняга разгляду праектаў грамадскіх ініцыятываў. Абласная газета «Витебские вести» напісала пра гэта так, што чытачы так і не зразумелі, якія праекты былі ўхвалены. І толькі цяпер з'явіліся хаця б нейкія звесткі наконт праектаў, што маюць завяршыцца яшчэ сёлета.

Мы ўжо звярталі ўвагу на тое, што абласная газета выклала інфармацыю няпоўна, напісаўшы, што на 2024 год было прадугледжана выдаткаваць на фінансаванне таямнічых грамадзянскіх ініцыятываў 30 тысяч рублёў, і што з 23 праектаў можна паспець рэалізаваць 17. Цяпер высветлілася, што журналістка дзяржаўнага выдання Наталля Конахава памылілася: не 30, а 300 тысяч рублёў з дзяржаўнага бюджэту ўлады гатовы ахвяраваць на «грамадскія патрэбы». Высветлілася нарэшце і тое, якія менавіта ініцыятывы атрымалі падтрымку.

«В текущем году проект из областного центра предусматривает приобретение спортивного оборудования для занятий воркаутом. В агрогородке Зароново Витебского района отремонтируют памятник. В Новополоцке создадут школьный медиацентр, в Сенненском районе – велопарковки около Богушевской врачебной амбулатории и средней школы. На Шарковщине закупят гончарную печь, а в Лепельском районе обновят воинское захоронение», -- паведамляе газета «Віцьбічы». Праўда, тут журналіст Сяргей Кочатаў, спаслаўшыся на старшыню віцебскага аблсавета Дзмітрыя Дзямідава, гаворыць ужо пра 16, а не 17 праектаў, на якія пойдуць 300 тысяч рублёў. Відавочна, што «кошт» кожнага праекта розны, і нельга параўнаць, да прыкладу, выдаткі на абсталяванне спартовай пляцоўкі і велапаркоўкі.

Але па-ранейшаму застаецца не вядомым, якія грамадскія структуры выступілі ініцыятарамі праектаў. Чаму гэта хаваюць ад чытачоў – невядома.

Тым не менш, старшыня аблсавета заявіў, што ўжо цяпер можна прапаноўваць свае праекты на 2025 год. З ягоных словаў зразумела, што шэраговаму жыхару вобласці са сваімі ідэямі да іх увасаблення не прабіцца: Дзмітрый Дзямідаў падкрэсліў, што чакае іх ад «мясцовых актывістаў і грамадскіх арганізацый», і далучыцца да гэтай справы маюць дэпутаты мясцовых саветаў. Ёе нават паабяцаў, што «грамадскі» бюджэт на наступны год можа павялічыцца да 400 тысяч рублёў, але тут жа агаварыўся, што гэта «папярэдняя інфармацыя».

Таццяна Свіціна