Пастаянная каардынатарка ААН у Беларусі Яана Казана-Вішнявецкі зрабіла афіцыйную заяву ў сувязі з эпідэміялягічнай сытуацыяй у краіне. Яна заклікала ўсіх беларусаў заставацца ўдома, каб спыніць COVID-19 і дапамагчы мэдыкам і ўсім нам спыніць крызіс.

Віцебскі лікёра-гарэлачны завод «Прыдзьвіньне» штодзень вырабляе да 5000 літраў сьпірту для вытворчасьці сродкаў дэзынфэкцыі. Пра гэта паведаміў намесьнік старшыні Віцебскага гарвыканкаму Віктар Глушын у адказе на зварот актывісткі БХД Тацяны Севярынец. Чыноўнік сьцьвярджае, што на сёньня ўсе ўстановы аховы здароўя гораду забясьпечаныя лекавымі сродкамі ў поўным аб'ёме.

Напрыканцы сакавіка журналіст і культуроляг зь Віцебску Георгій Каржанеўскі прыляцеў з Партугаліі. Праз тыдзень у яго падскочыла тэмпэратура – тэст на каронавірус даў станоўчы вынік. Мужчына расказвае, што ляжаў у пакоі з мужам мэдсястры, якая ў 47 гадоў памерла ад COVID-19. Кажа, што ягоны лечачы ўрач таксама захварэла…

Дэлегацыя Сусьветнай арганізацыі аховы здароўя (СААЗ) наведала Віцебск, каб ацаніць эпідэміялягічную сытуацыю ў рэгіёне. У складзе дэлегацыі – два супрацоўнікі Эўрапейскага бюро арганізацыі ў Капэнгагене і прадстаўнік штаб-кватэры СААЗ у Жэнэве. Экспэрты сустрэліся з мясцовымі ўладамі і наведалі мэдычныя ўстановы абласнога цэнтру, пішуць «Витебские вести».

Ноччу 2 красавіка ў Віцебскім абласным клінічным спэцыялізаваным цэнтры памёр 70-гадовы вайсковы пэнсіянэр Уладзімер Сідараў, у якога быў станоўчы тэст на COVID-19, піша Tut.by. На 2 красавіка ў Беларусі афіцыйна паведамлялася пра 4 сьмерці інфікаваных.