Субота, 21 Сакавік 2026

У Полацку знішчылі гістарычны драўляны дом, які быў пад аховай

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

На адной з найстарэйшых вуліц найстарэйшага беларускага горада Полацка, Ніжне-Пакроўскай, знеслі дом №14 дарэвалюцыйнай пабудовы.

 Фармальна будынак не быў унесены ў Дзяржаўны спіс гісторыка-культурных каштоўнасцяў як асобны помнік, але яго каштоўнасць была юрыдычна замацавана тры гады таму. У зацверджаным у верасні 2023 года праекце зон аховы гістарычнага цэнтра Полацка дом №14  быў уключаны ў афіцыйны пералік «аб’ектаў шэраговай гістарычнай забудовы». Знос гэтага дома з’яўляецца парушэннем беларускага заканадаўства.

 На сёння ад будынка засталіся толькі руіны цаглянага цокальнага паверха.

 Паводле звестак Нацыянальнага Полацкага гістарычна-культурнага музея-запаведніка, дом  №14 па вулмцы Ніжне-Пакроўскай у Полацку быў узведзены ў пачатку ХХ стагоддзя святаром Свята-Мікалаеўскага сабора Фамой Антаневічам. Да апошняга часу ён захоўваў традыцыйнае аблічча гістарычнага кутка горада, уключаючы арыгінальныя аканіцы, разьбяныя падзоры і ўпрыгожаныя філёнгамі вуглавыя накладкі.

 Пасля гэты дом быў падзелены на кватэры і перададзены ў прыватныя рукі.

Павел Палачанін