Субота, 07 Люты 2026

“Аварыйную” віцебскую школу №10 вырашылі ліквідаваць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Школа на вул.Путна больш не прыме вучняў: вырашана, што дзеці будуць вычыцца у іншых школах горада. Віцебскі гарвыканкам прыняў рашэнне № 1703 «О реорганизации государственного учреждения образования «Средняя школа № 10 г. Витебска» с 01.09.2026 путем присоединения к государственному учреждению образования «Средняя школа № 5 г. Витебска имени Г. И. Богомазова». А ўсё пачалося з таго, што ў школе 1937 года пабудовы ледзь не абвалілася столь – не вытрымалі кроквы.


Пра лёс так званай “сталінскай” школы – так называлі навучальныя ўстановы, узведзеныя ў 1937-38 гадах – гарадскія чыноўнікі шырока абвясцілі толькі цяпер. Хаця “аварыйнай” яе прызналі ў лістападзе яшчэ 2024 года. Тады ў школе ледзьве не абвалілася столь – добра, што вучняў у той час у будынку не было.

Навучэнцаў спешна размеркавалі па іншых школах школах – і там з імі займаліся “свае” настаўнікі. Цяпер педкалектыў расфарміруюць, настаўнікаў абяцаюць працаўладкаваць “в близлежащих или других школах Октябрьского района”. 

Але абяцанні – справа не пэўная, бо і саму СШ №10 спачатку абяцалі адрамантаваць. Аднак ужо сёлета набор першакласнікаў не праводзіўся. А на бацькоўскіх сходах у старэйшых вучняў была агучана незвычайная версія: рамонту не будзе, а будынак паспрабуюць прадаць. Гэта значыць, перакладуць абавязкі рамантаваць 90-гадовы гмах на новага гаспадара. Або новы ўласнік атрымае дазвол яго знесці.

У 2024 годзе ў Віцебску вучняў давялося “высяляць” адразу з 2-х школ, прычым на працягу двух месяцаў. Першай “не вытрымала” гімназія №1 – у сцяне старога корпуса таксама 1937 года пабудовы з’явілася шчыліна. Вучняў накіравалі ў іншыя навучальныя ўстановы. А аварыйны корпус пасля абследавання прызналі непрыдатным да аднаўлення, і ўжо знеслі.

Андрэй Пірагоў