Серада, 11 Чэрвень 2025

Справу пра пажар у ГЦ “Беларусь” яшчэ даследуюць

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Паўгода таму, 13 снежня 2024г., у адным з найбуйнейшых віцебскіх гандлёвых цэнтраў адбыўся пажар. Пасля гэтага МНС і іншыя адказныя структуры зладілі праверку на ўсіх гандлёвых аб’ектах, якія належаць  ПУП "МегаЕўратэкс”: усяго праверылі каля 40 аб'ектаў, з іх на 35 былі выяўлены парушэнні. На 22 з іх МНС запатрабавала прыпыніць дзейнасць. Але  ні адзін з аб'ектаў фактычна не спыніў працу.

Яшчэ ў 2024 годзе кампанія добраахвотна выплаціла кампенсацыі прадпрымальнікам, чые працоўныя месцы пацярпелі ад пажару: па 7 тысяч рублёў тым, у каго  павільёны пашкоджаны часткова, і па 10 тысяч рублёў  тым, у каго маёмасць была знішчана цалкам . Таксама прадпрымальнікам былі прапанаваны новыя месцы з ільготнай арэндай і часовыя складскія памяшканні для захоўвання маёмасці.

Але прадпрымальнікі не задаволеныя:  канчатковыя выплаты магчымы толькі пасля завяршэння следства і атрымання афіцыйнага заключэння аб прычынах здарэння. А гэтага яшчэ не адбылося: нядаўна Генеральная пракуратура чарговы раз працягнула тэрмін следства.

 Будынак абгарэлага гандлёвага цэнтру пакуль застаецца закрытым. У ім пашкоджана прыкладна 1/8 частка агульнай плошчы (каля 2 тыс. м ² з 17 тыс. м ²). Канчатковае рашэнне пра яго далейшы лёс будзе прынятае толькі пасля заканчэння следчых дзеянняў. 

 Пакуль гараджанам не вядомы лёс і  Віктара Велюгі - заснавальніка і дырэктара "МегаЕўратэкс". Адразу пасля пажару яго ўзялі пад варту, але ці выпусцілі - не зразумела.  19 лютага 2025 г. ў судзе Першамайскага раёна Віцебска  быў запланаваны суд над ім, але справа не была звязана з пажарам. Вялюгу судзілі  “за распаўсюд экстрэмізму” паводле ч.2  артыкула 19.11 КаАП.

Павел Серабрыцкі