Чацвер, 11 Снежань 2014

Аршанскі актывіст зьвяртае ўвагу міністра на папулярызацыю на СТВ прыхільнікаў фашысцкай ідэалёгіі

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Аршанскі актывіст Ігар Казьмярчак зьвярнуўся да міністра інфармацыі Ліліі Ананіч з просьбай даць ацэнку дзеяньням адказных асоб, якія дапусьцілі ў этэр СТВ праграмы, якія папулярызуюць сучасных дзеячоў фашызму.

У адкрытым лісьце Ігар Казьмярчак адзначае:

“3 сьнежня 2014 году ў этэры тэлеканалу СТВ (Сталічнае тэлебачаньне) а 18:30 распачалася праграма “Нам и не снилось. Рождённые верой. 2 серия”. У гэтай перадачы ў якасьці экспэрта (у тытрах пад прозьвішчам ён пазначаны як “лідэр грамадзкага руху”) быў паказаны грамадзянін Расейскай Фэдэрацыі Максім Марцінкевіч. Той самы Марцінкевіч, які ў асяродку нэанацыстаў і сучасных прыхільнікаў фашызму вядомы пад мянушкай “Цясак”.

Сталічнае тэлебачаньне паказала Марцінкевіча як экспэрта, а, значыць, чалавека, які зьяўляецца аўтарытэтам, і да ягонага меркаваньня варта прыслухоўвацца. Чым жа знакаміты гэты “лідар грамадзкага руху”. Першы раз ён праславіўся ў асяродку сучасных фашысцкіх рухаў тым, што патрапіўшы па прызыве ў войска Расейскай Фэдэрацыі зьбіў свайго саслужыўца з прычыны нацыянальнай варожасьці – саслужывец быў выхадцам з Каўказу. Тады паводле рашэньня псыхіятраў Марцінкевіч быў камісаваны з войска. Пазьней ён быў стваральнікам некалькіх грамадзкіх арганізацыяў, дзейнасьць якіх была забароненая на тэрыторыі Расеі пастановай суду, як арганізацыяў фашысцкай ідэалёгіі. Сам Марцінкевіч тройчы прыгаворваўся судом да розных пакараньняў за распальваньне міжнацыянальнай варожасьці. Цяпер паводле таго ж артыкулу адбывае чарговае пакараньне ў калёніі. Марцінкевіч шмат разоў публічна казаў пра тое, што зьяўляецца прыхільнікам нацыянал-сацыялізму.

Першы раз (на 24-й хвіліне запісу) у этэры паказанай на СТВ перадачы Марцінкевіч зьяўляецца пад час самасуду, які ўчыніў разам са сваімі паплечнікамі і проста на камэру наносіць удар чалавеку. Другі раз ён зьяўляецца на 42-й хвіліне і разважае на тэму, што такое грэх. Пры гэтым, другі раз ён апрануты ў майку з лягатыпам фірмы “White rex” (схаваная рэкляма), якая спэцыялізуецца на выпуску вопраткі для нэанацыстаў. У асартымэнце фірмы ёсьць і майкі са стылізаванай свастыкай.

Гэтая перадача ёсьць і ў сеціве інтэрнэт у адкрытым доступе, праўда, без лягатыпу СТВ (першапачаткова гэтая рэкляма фашызму зьявілася на Расейскім РЕН-ТВ), прыводжу вам адрас гэтай рэклямы фашызму тут: https://www.youtube.com/watch?v=Wnhugp5rqwI

І вось такога чалавека выдае за экспэрта, аўтарытэта, лідэра Сталічнае тэлебачаньне. Тэлебачаньне той сталіцы, якая была амаль цалкам зьнішчаная пад час вайны з фашыстамі. Сталіцы той краіны, дзе ў кожнай ці амаль у кожнай сям’і нехта загінуў ад рук фашыстаў.

Шаноўная Лілія Станіславаўна, мне падаецца, што паказ такой перадачы ў этэры дзяржаўнага тэлебачаньня ўскосна таксама падпадае пад артыкул пра заклік да міжнацыянальнай варожасьці. Калі і не магчыма прыцягнуць рэдактараў і кіраўніцтва тэлеканалу СТВ да адказнасьці крымінальнай ці адміністрацыйнай, то яны павінны панесьці маральную адказнасьць за прапаганду фашыстаў. Калі сёньня “ня даць па рукох” за паказ сучаснага лідэра нацыстаў у этэры, то заўтра нам пакажуць Гітлера як маральнага аўтарытэта.

У сувязі з вышэйнапісаным прашу вас:

Даць ацэнку зь юрыдычнага і маральнага пункту гледжаньня дзеяньням тых адказных асобаў, якія дапусьцілі ў этэр СТВ праграмы, якая папулярызуе сучасных дзеячоў фашызму;

Прыняць меры па недапушчэньні ў далейшым зьяўленьня на тэлебачаньні лідэраў сучасных фашыстаў у якасьці экспэртаў ці аўтарытэтаў;

Пасадзейнічаць таму, каб цыкль перадачаў “Нам и не снилось” і іншых перадачаў сумніўнага характару, якія трансьлююцца на СТВ, зьніклі з этэру беларускіх тэлеканалаў.

Пра прынятыя меры прашу паведаміць ў адведзеныя законам тэрміны на адрас, пазначаны вышэй”.

Крыніца: Праваабарончы цэнтар "Вясна"