Так, падчас наведваньня зернесушыльных комплексаў і зернескладоў выяўленыя шматлікія парушэньні супрацьпажарных норм, непадрыхтаванасьць аб’ектаў для збору і захоўваньня ўраджаю.
Прыніжаны кантроль з боку кіраўніцтва сельскагаспадарчых арганізацыяў спрыяў парушэньням працоўнай дысцыпліны. Падчас уборачнай кампаніі выяўленыя 32 выпадкі знаходжаньня работнікаў названых арганізацыяў на працоўных месцах у стане алькагольнага ап’яненьня.
Неналежныя ўмовы працы, невыкананьне санітарных норм і правілаў, несвоечасовае прыбіраньне тэрыторыяў і памяшканьняў мэхдвароў, складоў, фэрмаў і іншых аб’ектаў выяўленыя падчас праверак у Докшыцкім, Чашніцкім, Талачынскім і іншых раёнах.
На шмат якііх прадпрыемствах аграпрамысловага комплексу мелі месца выпадкі несвоечасовай выплаты заработнай платы. Утойваньне гэтых фактаў кіраўнікамі сельгаспрадпрыемстваў прывяло да скажэньня дзяржаўнай статыстычнай справаздачнасьці.
Па выніках праверак пракурорамі раёнаў унесена 32 прадстаўленьні аб ліквідацыі парушэньняў заканадаўства, вынесена 70 прадпісаньняў. На запатрабаваньне пракурораў да дысцыплінарнай адказнасьці прыцягнутыя 23 работнікі сельгасарганізацыяў, да адміністрацыйнай — 22.
У сувязі з парушэньнямі заканадаўства пракуратурай Віцебскай вобласьці старшыню камітэту па сельскай гаспадарцы і харчаваньні Віцебскага аблвыканкаму ўнесенае прадстаўленьне, а таксама падрыхтаваная інфармацыйная запіска старшыню Віцебскага аблвыканкаму.
Крыніца: БелаПАН