Аўторак, 14 Студзень 2025

Зачынілася група «Навіны Віцебска» - самая шматлікая віцебская суполка ў Facebook

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Заснавальніца і адміністратарка групы Таццяна Мацвеева напісала, што не можа наўпрост паведаміць прычыны закрыцця пабліка, які праіснаваў тры з паловай гады. Але падкрэслівае, што робіць гэта па не залежных ад яе прычынах. Яна вырашыла, што пакуль праца групы прыпынена на месяц, але далейшыя перспектывы застаюцца няяснымі.

Група «Навіны Віцебска» мае 25,6 тысяч падпісчыкаў – гэта самы масавы віцебскі паблік. У ім публікаваліся гарадскія навіны – рэрайты матэрыялаў з іншых СМІ, рэпартажы і аўтарскія праекты самой Таццяны Мацвеевай. Журналістка займалася гэтым бескаштоўна – з любові да прафесіі і да горада, у якім жыве.

«У мяне па-ранейшаму ёсць жаданне рабіць для вас навіны. Ёсць і творчыя ідэі. Засталіся і чарнавікі, распачатыя, але недапісаныя тэксты. Аднак групу давядзецца закрыць. На які час, я не ведаю. Пакуль раблю гэта на месяц, - напісала Таццяна Мацвеева. -- Зараз мне вельмі балюча і крыўдна, што гэту справу мне давядзецца спыніць. Але надзея памірае апошняй. І я веру, што мы яшчэ сустэнемся».

Адміністратарка групы «Навіны Віцебска» паведаміла пра закрыццё пабліка на наступны дзень пасля таго, як перастаў адчыняцца сайт «Народныя Навіны Віцебска». Гэты інфармацыйны рэсурс быў заснаваны ў 2008 годзе, але сёлета 13 студзеня стала вядома, што яго прызналі «экстрэмісцкай інфармацыйный прадукцыяй». Адпаведнае рашэнне 10 студзеня прыняў суд Кастрычніцкага раёна Віцебска. Цяпер сайт і яго сацсеткі не адчыняюцца.

Алег Бараноўскі