Аўторак, 12 Лістапад 2024

Начальнік Пастаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя прапануе яшчэ адзін спосаб змагання са стыхійнымі звалкамі смецця

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Аляксандр Гатоўчык праз раённую газету «Пастаўскі край» заклікае землякоў фатаграфаваць людзей, якія выкідаюць смецце ў неналежных месцах. Або фіксаваць нумары іхных аўто, каб перадаць іх у інспекцыю для ўстанаўлення асобы і накладання штрафа. Такім чынам кіраўнік раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя спадзяецца вырашыць праблему стыхійных звалак.

Цяжка не заўважыць, што апошнім часам дзяржСМІ Віцебскай вобласці шмат увагі надаюць тэме змагання са смеццем. Пра захады, што да захавання чысціні, так шмат пішуць нездарма: да 15 лістапада на Віцебшчыне працягваецца месячнік барацьбы са стыхійнымі звалкамі. Пасля гэтай даты ажыятаж вакол гэтай тэмы чакана спадзе. А пакуль у розных рэгіёнах мясцовыя газеты пішуць пра статыстыку звалак і пра сродкі барацьбы з імі.

Каб вызначыць, хто пакідае смецце ў неналежных месцах, працаўнікі ЖКХ у Лёзненскім раёне прымяняюць відэаназіранне. У Шаркоўшчынскім раёне гатовы пайсці яшчэ далей: прапануюць вызначаць былых гаспадароў выкінутых рэчаў па пакінутых імі «слядах» - квітанцыях, квітках, працоўных запісах...

Начальнік Пастаўскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя заклікае на дапамогу «пільных грамадзянаў» - каб адсочвалі і фіксавалі парушальнікаў. Прычым самым вінаватымі ён лічыць дачнікаў, якія «давозяць смецце да прыпыначных пунктаў і прама там выкідваюць». А мусілі б «з'яжджаючы са сваёй дачы, адвезці па шляху пакет са смеццем у спецыяльна прызначаны для гэтага кантэйнер». І выказвае амаль незаўважную прапанову: «можа, камунальнікам варта абсталяваць кантэйнерныя пляцоўкі» паблізу вёсак і дачных пасёлкаў. Аказваецца, такога няма. А кіраўнік Пастаўскай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя цалкам мог бы выступіць з такой ініцыятывай перад раённымі ўладамі.

Ларыса Сайкоўская