Пятніца, 04 Кастрычнік 2024

Кіраўнікам у Верхнядзвінску прапанавалі весці ўлік прышчэпак і візітаў да лекараў у сваіх работнікаў

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У раённым цэнтры прайшла чарговая сесія дэпутатаў райсавета, на якой разглядалася пытанне наконт санітарна-эпідэміялагічнай абстаноўкі ў раёне. Актуальнасць гэтага пытання палягае ў тым, што Верхнядзвінскі раён – памежны з тэрыторыяй Еўразвяза, таму варта засцерагацца «завазных інфекцый». І не толькі таму.

Дэпутаты райсавета вырашылі, што мясцовым жыхарам варта нагадваць пра правілы гігіены і прафілактыкі захворванняў. А таксама трэба накіраваць высілкі на папярэджанне сезонных хваробаў: вострых рэспіраторных інфекцый і ковіду – яго верхнядзвінскія дэпутаты таксама аднеслі да сезонных захворванняў...

Прычым адпаведных захадаў чакаюць не толькі ад санітарных памежных службаў і медычных супрацоўнікаў рэгіёна, лекараў-гігіеністаў. Але і ад кіраўнікоў працоўных калектываў.

Паводле статыстыкі, Верхнядзвінскі раён мае «высокий показатель заболеваемости с временной утратой работоспособности», піша раённая газета.

А таму пажадана, каб у кожнага кіраўніка на стале была «папка с данными о количестве бюллетеней работников, сведениями об их вредных привычках, отношению к здоровому образу жизни, прививках, диспансеризации и т.д.» У такім выпадку, лічаць дэпутаты, праца дзеля «аздараўлення» раёна будзе весціся «без фармалізму». А прафілактычная праца прынясе станоўчы вынік.

Аліна Магучая