Панядзелак, 23 Верасень 2024

У Браславе з'явіўся «источник патриотизма»

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

У райцэнтры да Дня народнага адзінства адчынілі "Пляцоўку дзяржаўнай сімволікі" . На ёй размясцілі некалькі інфармацыйных стэндаў і тры флагштокі вышынёй 8 метраў - пад дзяржаўны сцяг, сцяг Віцебкай вобласці і сцяг Браслаўскага раёна. «Новая точка притяжения появилась в Браславе. Источник патриотизма, предмет гордости, место, где будут проводить разного рода тематические мероприятия», -- піша раённая газета "Браслаўскі край".

Урачыстае адкрыццё прайшло паводле даўняй, яшчэ савецкай завядзенкі: права ўзняць сцягі атрымалі перадавікі вытворчасці і раённае начальства. «Раёнка» цытуе выступленне старшыні райвыканкама Вячаслава Грышчанкі, які прамаўляў на адкрыцці пляцоўкі: "Площадка государственных символов несет в себе большой смысл. Это еще одно напоминание о нашей богатой истории и лучших качествах белорусов, квинтэссенция суверенитета и независимости республики".

Апрача адкрыцця пляцоўкі, кіраўніцтва раёна да Дня народнага адзінства арганізавала адмысловы аўтапрабег. Прадстаўнікі БРСМ, «Белай Русі» і раённай прафсаюзнай структуры з'ездзілі ў Друю, дзе выступілі перад памежнікамі і мясцовай моладдзю.

Кацярына Дарафеева