Серада, 23 Сакавік 2016

У Віцебску ў міліцыі зьбілі хлопца, і за гэта ніхто не адкажа?

Ацаніць гэты матэрыял
(0 галасоў)

Віцебскі гарадзкі аддзел Сьледчага камітэту Рэспублікі Беларусь адмовіў студэнту Паўлу Расьлякову ў распачацьці крымінальнай справы ў дачыненьні да супрацоўнікаў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну па факце зьбіцьця.

Заява, у якой пацярпелы прасіў прыцягнуць праваахоўнікаў да вызначанай законам адказнасьці, была пададзеная ім у верасьні мінулага году. Увесь гэты час па справе ішла праверка.

Юнак вучыцца на другім курсе Віцебскай дзяржаўнай акадэміі вэтэрынарнай мэдыцыны, жыве ў інтэрнаце па вуліцы Баўмана. Паводле яго словаў, усё выглядала так:

1 верасьня мінулага году яму патэлефанаваў чалавек, які прадставіўся супрацоўнікам міліцыі, і папрасіў прыйсьці ў АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну горада для правядзеньня апытаньня наконт крадзяжу маёмасьці (сыстэмнага блёку з маніторам) грамадзяніна Д. Мігунова, які пражывае ў тым самым інтэрнаце, што і Расьлякоў. Падчас гутаркі ўжо ў РАУС адзін з супрацоўнікаў міліцыі сказаў, што хлопец мае толькі два варыянты: «добры» і «дрэнны». Першы падразумяваў прызнаньне Паўлам віны, што менавіта ён зьдзейсьніў крадзеж маёмасьці, за што яму абяцалі прымяніць пакараньне, не зьвязанае з пазбаўленьнем волі. Другі, г.зн. «дрэнны», варыянт палягаў у тым, што калі Расьлякоў не прызнаецца, то яму дадуць турэмны тэрмін. У момант размовы, паводле словаў Паўла, у габінэце прысутнічалі трое міліцыянтаў. Пасьля таго, як ён сказаў, што нічога ня скраў, адзін з супрацоўнікаў ударыў яго спачатку ў вобласьць левага вуха, а пасьля такога самага паўторнага адказу нанёс ўдары ў вобласьць грудной клеткі, па шчоках і вушах, спрабуючы такім чынам выбіць прызнальныя паказаньні.

Пасьля таго, што здарылася, у той самы дзень увечары, Павал па патрабаваньні бацькоў зьвярнуўся ў траўмапункт, дзе былі зафіксаваныя цялесныя пашкоджаньні.

Прозьвішча міліцыянта, які займаўся справай па факце крадзяжу, – Грыгор'еў, ён зьяўляецца опэрупаўнаважаным крымінальнага вышуку АУС адміністрацыі Кастрычніцкага раёну Віцебску. У выніку праверкі было выяўлена, што сыстэмны блёк знаходзіцца ў пакоі Расьлякова у інтэрнаце. Але, як распавёў Павал, гэта сыстэмны блёк ягонага брата, які зьехаў у іншы горад. Мігуноў ж казаў, што гэта ня так і што гэта яго маёмасьць, якую нехта невядомы скраў з камэры захоўваньня, якая разьмешчаная на вахце ў інтэрнаце.

Як сказаў праваахоўнікам бацька Расьлякова, ягоны сын да крадзяжоў не датычны і вядзе сацыяльна карысны лад жыцьця.

У пастанове аб адмове ў распачынаньні крымінальнай справы гаворыцца, што Расьлякова апытвалі ў адным габінэце з заяўнікам Мігуновым, што пасьля вуснай гутаркі яго адразу адпусьцілі дадому, што ніхто з супрацоўнікаў міліцыі яго ня біў, і нічога, што зьневажае гонар і годнасьць, у ягоны адрас сказана не было.

Паводле Мігунова, апытаньне опэрупаўнаважаны Грыгор'еў праводзіў у ветлівай форме, тон голасу не павышаў, паводзіў сябе карэктна, псыхалягічнага ціску ні на яго, ні на Расьлякова не аказвалася, фізычная сіла да іх не ўжывалася.

Акрамя таго, як адзначаецца ў афіцыйным дакумэнце, Павал у габінэце на апытаньні паводзіў сябе дзіўна.

На думку Мігунова, сваімі ілжывымі заявамі Расьлякоў спрабаваў завесьці сьледзтва ў тупік і пазьбегнуць адказнасьці за тое, што зьдзейсьніў, г.зн. за крадзеж.

Падчас праверкі па справе былі апытаныя супрацоўнікі Кастрычніцкага РАУС, якія прысутнічалі ў некаторыя моманты апытаньня, бо заходзілі ў габінэт падчас яго правядзеньня, а таксама супрацоўнікі, якія даведаліся пра гэтую сытуацыі ад самога апэратыўніка Грыгор'ева. Усе яны характарызуюць яго як чалавека спакойнага, ураўнаважанага і сумленнага, як ветлівага і карэктнага супрацоўніка.

Праўда, судова-мэдычная экспэртыза, якую правялі 2 верасьня, паказала, што ў Паўла сапраўды маюцца сінякі на левым вуху, на грудной клетцы, якія зьявіліся ў тэрмін да сутак да таго, як яго аглядаў экспэрт.

У адпаведнасьці з пастановай, праверка ня выявіла дадзеных, якія паказваюць на зьдзяйсьненьне оперупаўнаважаным С. Грыгор'евым супрацьпраўных дзеяньняў у дачыненьні да Расьлякова. Адпаведна, ў распачынаньні крымінальнай справы адмоўлена.