Мяркуе, што падчапіў заразу на вакзале
Георгій Каржанеўскі расказаў, што пандэмія застала яго ў Лісабоне. Адтуль ён меўся на аўтобусе дабрацца да Польшчы, але нечакана для многіх межы закрылі. Віцяблянін колькі начэй правёў на лісабонскім аўтавакзале. Мяркуе, што акурат там і падчапіў заразу. Потым была яшчэ ноч, праведзеная ў аэрапорце Амстэрдаму, бо дабіраўся ў Беларусь паветраным шляхам.
«Дык вось, праз гэтую барацьбу з каронавірусам мне давялося 4 ночы правесьці ў экстрэмальных умовах. І там я, уласна кажучы, нешта і падчапіў. Можа, праз рукамыйнік, можа, праз людзей, бо часам падыходзілі і прасілі міласьціну, вельмі шмат у Лісабоне падыходзілі», – узгадвае цяпер Каржанеўскі.
Хуткая прыехала без затрымкі
Па прылёце ў Беларусь тэст на наяўнасьць каронавірусу яму не рабілі і тэмпэратуру ня мералі, бо прыляцеў з краіны, якая не фігуравала ў сьпісах як небясьпечная. Але атрымаў памятку з парадай правесьці наступныя два тыдні ў самаізаляцыі. Так і зрабіў. Але праз чатыры дні падскочыла тэмпэратура, колькі дзён трымалася на ўзроўні 38,3. Тады вырашыў выклікаць хуткую.
«Я недзе ўжо тады здагадваўся, што каронавірус ёсьць. Хуткая прыехала без затрымкі, таму што сказаў, што прыляцеў з-за мяжы. Адразу забралі ў інфэкцыйную больніцу і адразу ж зрабілі тэст. Адказ, праўда, быў толькі дзён праз пяць. Ён быў станоўчы…» – распавядае мужчына.
«Кашлю наогул не было»
Георгій Каржанеўскі трапіў у Віцебскую абласную інфэкцыйную лякарню 2 красавіка. У палаце на тры ложкі спачатку ляжаў адзін, але праз пару дзён да яго падсялілі яшчэ двух пацыентаў. Адзін зь іх быў таксама хворы, другі – кантактам 1-га ўзроўню, яго праз колькі дзён выпісалі, бо каронавірус не пацьвердзіўся.
«У мяне ад самага пачатку было ўсё добра. Была тэмпэратура, але больш за 38,3 не падымалася, і тое толькі першыя тры-чатыры дні. Кашлю наогул не было. Таму калі сказалі, што ў мяне двухбаковае запаленьне лёгкіх, я зьдзівіўся, бо ўсё гэта было больш падобнае да грыпу. Так што, у прынцыпе, у мяне гэтая хвароба працякала, скажам так, лёгка і спакойна. У іншых было цяжэй. У некаторых суседзяў быў кашаль, часам проста страшэнны», – расказаў віцяблянін.
«Праз 7 дзён адчуў, што выздараўліваю»
Па словах Каржанеўскага, у лякарні яму адразу зрабілі камп’ютэрную тамаграфію (КТ), а перад выпіскай – яшчэ і рэнтген. Ставілі кропельніцы, давалі пігулкі.
«Якія канкрэтна лекі давалі, я не ўдакладняў, бо цалкам давяраю нашым лекарам», – кажа мужчына.
«Некаторым пацыентам давалі яшчэ кісларод, то бок падключалі апарат. Але я ў гэтым ня меў патрэбы. Дастаткова спакойна ўсё гэта перанёс. І недзе праз дзён 7 адчуў, што выздараўліваю, іду на папраўку», – дадае.
«Мой лечачы ўрач таксама захварэла»
Наконт атмасфэры ў самой лякарні кажа, што не заўважыў аніякай панікі і «крытычнай сытуацыі». Палаты былі ўсе запоўненыя, але пацыентамі не «забітыя». Лекары ставіліся да ўсіх вельмі добра.
«Я зараз рознае чытаю. Бо там два тыдні быў без інтэрнэту. Дык вось мне асабліва скардзіцца не было на што. Мэдыкі ўсё тлумачылі, адказвалі на ўсе пытаньні. Паводзілі сябе максымальна годна і добразычліва. І дактары, і мэдсёстры. І вялізны ім дзякуй за гэта! Яны зараз у групе рызыкі №1. Мой лечачы ўрач таксама захварэла ў выніку, ня ведаю на што, ці дакладна на каронавірус, але вось такая сытуацыя. І я ёй вельмі зычу выздараўленьня – яны сапраўды вельмі рызыкуюць і стараюцца», – расказвае Каржанеўскі.
Сьцьвярджае, што ляжаў у адной палаце з мужам мэдсястры, якая памерла ў 47 гадоў, заразіўшыся інфэкцыяй каронавірусу.
Тэсты мусяць рабіць ня менш за тры разы
Георгій Каржанеўскі прабыў у лякарні два тыдні і быў выпісаны 15 красавіка. Распавядае, што, каб выпісалі, трэба атрымаць як мінімум два адмоўныя вынікі тэстаў на наяўнасьць РНК каронавірусу. То бок тэсты мусяць рабіць ня менш за тры разы. Удакладняе, што калі першы ягоны тэст (пры паступленьні ў лякарню) адсылалі ў Менск, то два наступныя рабіліся ўжо ў Віцебску.
«Зараз адчуваю сябе добра, здаровым. Зычу іншым у гэтай сытуацыі пабольш цьвярозага рэалізму і цьвярозага ж аптымізму. Ну і старацца сябе засьцерагаць, бо шмат чаго пакуль незразумела і кажуць рознае, у тым ліку пра тое, што неабавязкова пасьля перанесенай хваробы ў цябе раз і назаўжды выпрацоўваецца імунітэт. Тут трэба быць асьцярожным, асьцярожным і яшчэ раз асьцярожным! І па магчымасьці – сядзець дома. Так што ня трэба футболу і нейкіх там вайсковых парадаў. Гэта чалавеку можна загадаць – каронавірусу ж ніхто не загадае. Будзьце пільныя!» – раіць Георгій Каржанеўскі.
Зьміцер Міраш